2016-02-18 14:13:00

Святы Пасад: аборт – не адказ на наступствы віруса Зіка


17 лютага 2016 г. прадстаўнік Апостальскай Сталіцы прыняў удзел у пасяджэнні Эканамічнай і сацыяльнай рады ААН, прысвечаным сітуацыі, звязанай з распаўюджваннем віруса Зіка. Арцыбіскуп Бернардзіта Ауса заклікаў усе ўрады супрацоўнічаць, каб спыніць пашырэнне вірусу і забяспечыць хворым належны дагляд і дапамогу, пазбягаючы распаўсюджвання панікі і спрыяння абартыўным практыкам.

Перад абліччам эпідэміі нельга пакінуць самых бедных, асабліва пажылых людзей, дзяцей і інвалідаў, якія найбольш рызыкуюць застацца без прэвентыўных прыладаў, належнай інфармацыі і неабходнай медыцынскай дапамогі. Сярод найбольш уразлівых да вірусу ватыканскі дыпламат назваў цяжарных жанчын і дзяцей, якіх яны носяць ва ўлонні. Меркаваная сувязь паміж вірусам Зіка і ўзнікненнем паталогій у нованароджаных умацоўвае заклапочанасць і засгулоўвае на больш сканцэнтраваную дзейнасць міжнароднай супольнасці, сказаў ён. Паводле іерарха, “неабходна больш даследванняў, каб вызначыць сувязь паміж вірусам і мікрацэфаліяй і сіндромам Гійена-Барэ”.

Арцыбіскуп Ауса заўважыў, што не ўсе цяжарныя інфіцыраваныя жанчыны рызыкуюць нарадзіць хворых дзяцей. Неабходна таксама навуковае пацвярджэнне гіпотэзы, што вірус перадаецца палавым шляхам. 

Дыпламат заахвоціў да “належнай пільнасці” і пазбягання панікі, крытыкуючы нядаўнія заклікі прадстаўнікоў некаторых урадаў, а таксама Упраўлення Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека да лібералізацыі законаў аб абортах і доступу да абартыўных прэпаратаў, у якасці інструменту прафілактыкі нараджэння хворых дзяцей. “Гэта незаконны адказ на дадзены крызіс”, таму што забойства дзяцей не з’яўляецца прафілактыкай, сказаў прадстаўнік Апостальскай Сталіцы. Ён закончыў сваё выступленне напамінам аб абавязку абароны чалавечага жыцця, здаровага ці хварога, з аднолькавымі намаганнямі і не выключаючы нікога.








All the contents on this site are copyrighted ©.