2016-02-17 13:45:00

Мексіка: Касцёл “на лініі агню”


Дыяцэзіяльныя святары і манаскае духавенства становяцца ахвярамі войнаў, якія вядуць наркакартэлі ў Мексіцы. Гэта актуальна асабліва для штату Мічаакан, сталіцай якога з’яўляецца Марэль – месца сустрэчы папы Францішка з духавенствам, кансэкраванымі асобамі і семінарыстамі. Яна адбылася 16 лютага 2016 г. падчас Эўхарыстыі, якую ўзначаліў Папа. Гэты рэгіён лічыцца самым жорсткім у вайне з наркотыкамі.

Міжнародныя арганізацыі адзначаюць, што гвалтоўныя канфлікты паміж арміяй і ўзброенымі фарміраваннямі наркакартэляў ужо даўно ператварыліся з проста барацьбы з крымінальнай злачыннасцю ў сапраўдную вайну. І выдаткі на яе высокія: напрыклад, пасля хвалі насілля ў 2013 г., урад абвясціў, што ў выніку страціў 15% ад валавога нацыянальнага даходу.

У тым жа годзе Грамадзянская самаабарона адбіла з рук наркакартэля горад Тансітара ў Мічаакан. Гэтыя групы становяцца ўсё мацнейшымі ў барацьбе з картэлямі, а іх узброеныя фарміраванні самі клапоцяцца пра грамадскую бяспеку і змагаюцца з вымаганнем, выкраданнямі і гвалтоўнымі дзеяннямі наркабаронаў. Грамадзянская самаабарона ўжо існуе ў амаль палове з 32 мексіканскіх штатаў.

Той факт, што Папа змог наведаць Мічаакан і яго вернікаў, лічыцца прыкметай паступовага паляпшэння сітуацыі.

У Мексіцы з 2007 г. былі забіты 26 святароў – больш за ўсё ў 2011 г. – 5, і ў 2013 г. – 4; цела апошняга з іх, кс. Эраста Пліега дэ Хесуса, было знойдзена раніцай 17 лістапада 2015 г. На ім знайшлі сляды апёкаў і збіцця, а смерць наступіла ў выніку глыбокага ўдару нажом у галаву.

Паводле Каталіцкага мультымедыйнага цэнтра, на працягу апошніх 25 гадоў у гэтай краіне загінулі ў агульнай складанасці 45 чалавек Касцёла: адзін кардынал, 38 святароў, дыяканаў і прадстаўнікоў манаскіх кангрэгацый, 4 каталіцкіх журналісты. Гэтыя лічбы значна ўзраслі ў апошнія гады, і ўжо чвэрць стагоддзя святары і законнікі стаяць, можна сказаць, на “лініі агню”. 

Кожны год у кровапралітных баях паміж картэлямі і паміж імі і ўрадавымі войскамі ў Мексіцы гінуць тысячы людзей.








All the contents on this site are copyrighted ©.