2016-02-16 13:49:00

Святы Айцец у Мексіцы заклікаў маліцца за хворых


Мексіканскія вернікі авацыямі сустрэлі Францішка перад катэдрай у Сан-Крыстабаль-дэ-Лас-Касас, якую ён наведаў 15 лютага 2016 г., у чацвёрты дзень свайго апостальскага падарожжа ў Мексіку.

У галоўным храме дыяцэзіі сабралася больш за 400 чалавек, у асноўным хворыя, пажылыя і іх сем’і. Святы Айцец павольна прайшоў паміж імі, раз-пораз спыняючыся, гаварыў з людзьмі, трымаючы іх за рукі. Дайшоўшы да алтара, ён стаў перад крэслам, падрыхтаваным для яго, але не сеў на ім. Францішак заклікаў вернікаў да малітвы за “нашых хворых”.

“Памолімся за ўсіх хворых. Яны нясуць на сабе частку крыжа Езуса, дапамагаючы Яму несці крыж. Памолімся Езусу, каб быў іх сілай, каб іх падтрымаў, і памолімся да Багародзіцы, нашай Маці, каб клапацілася пра іх і дала іх сэрцам шмат спакою”, - сказаў Пантыфік. Пасля малітвы і благаслаўлення ён дадаў: “І маліцеся таксама за мяне”.

Затым Папа накіраваўся да выхаду з катэдры. Гэты пераход таксама заняў шмат часу, кожны хацеў паціснуць яму руку, даць дзіця для благаслаўлення або сказаць некалькі слоў.

Пасля выхаду з галоўнага храма дыяцэзіі, Францішак праехаў папамабілем сярод вялікай колькасці людзей, сабраных на вуліцах горада, кіруючыся да аддаленага 4 км лётнага поля, адкуль верталётам вылецеў у Тустла Гут’ерэс на сустрэчу з сем’ямі.








All the contents on this site are copyrighted ©.