2016-02-16 12:05:00

Патрыярх пра сустрэчу з Папам: нельга дапусціць вайны


“Ні ў якім разе нельга дапусціць вялікай вайны, і гэта была тэма нашай размовы з папам Францішкам”, - прызнаўся Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл у інтэрв’ю тэлеканалу “Russia Today”. На яго думку, “трэба зрабіць усё для таго, каб радыкальна змяніць адносіны паміж Расіяй і Злучанымі Штатамі да лепшага”. Прадстаяцель заклікаў зразумець, “што існуюць дзве такія магутныя краіны, якія адна адну могуць знішчыць, і якія могуць знішчыць свет сваім ваенным патэнцыялам”. “Трэба зрабіць усё для таго, каб не дапусціць вайны”, - падкрэсліў Кірыл. 

Патрыярх сказаў, што нават у гады халоднай вайны, калі свет быў блізкі да вайны сапраўднай, хрысціяне Злучаных Штатаў і Савецкага Саюза знаходзілі магчымасць сустракацца і працаваць разам для лепшай будучыні. “Чаму мы не можам рабіць гэтага сёння? Чаму мы сталі настолькі далёкімі адно ад аднаго?”, - задаўся пытаннямі іерарх.“І ў гэтым сэнсе, мая сустрэча з папам Францішкам была вельмі важнай”, - дадаў ён.

“Дзве самых вялікіх Царквы ў свеце ў асобах сваіх Прадстаяцеляў сустрэліся, каб зверыць гадзіннікі, каб пагаварыць пра адны і тыя ж праблемы – кожны са свайго пункту гледжання. І мы пераканаліся, што можна прыходзіць да агульнага адказу, і – можа быць, я здзіўлю вас – з лёгкасцю прыходзіць”, - прызнаўся Патрыярх і дадаў, што гэта адбываецца дзякуючы “агульнаму маральнаму кансенсусу – веры ў Пана Езуса Хрыста, у Яго запаведзі, у Яго законы”. 

“Мы не можам жыць на адным невялікім зямным шары, які раздзіраюць глыбінныя супярэчнасці на анталагічным каштоўнасным узроўні”, - падкрэсліў кіраўнік Рускай Праваслаўнай Царквы і выказаў спадзяванне, што яго сустрэча з Пантыфікам “унесла свой сціплы ўклад у фарміраванне будучыні маральнага кансенсусу для ўсіх людзей”.








All the contents on this site are copyrighted ©.