2016-02-16 13:15:00

Папа заклікаў мексіканскія сем’і да мужнасці


Аб важнасці Божай падтрымкі ў сямейным жыцці казаў Святы Айцец 15 лютага 2016 г. падчас сустрэчы з мексіканскімі сем’ямі ў мексікансім Тустла Гут’ерэс. Ён заклікаў іх да мужнасці перад абліччам розных форм ідэалагічнай каланізацыі.

Падчас сустрэчы прагучалі чатыры сведчанні. Першым выступіў 14-гадовы малады чалавек, хворы на мышачную дыстрафію. Ён распавёў пра падтрымку, якую адчувае з боку бацькоў і папрасіў маліцца за ўсіх сваіх аднагодак. Сям’я з дыяцэзіі Тапачула казала пра важнасць вернасці ў сужэнстве і павазе паміж пакаленнямі. Затым несакрамэнтальнае сужэнства распавяло пра свой удзел у дабрачыннай і сацыяльнай дзейнасці Касцёла. Апошняй выступіла медсястра, маці-адзіночка, якая нягледзячы на на ціск з боку іншых, якія патрабавалі ад яе здзейсніць аборт, прыняла сваіх дзяцей. Жанчына сказала, што сапраўднае шчасце не ў тым, што прапануе грамадства, а ў сустрэчы з любоўю Бога. Яна папрасіла Святога Айца ўзмоцніць тысячы жанчын, якія сутыкаюцца з спакусай забіць сваіх ненароджаных дзяцей.

Францішак падзякаваў за сведчанні і прызнаўся, што шчырыя словы людзей дазволілі яму сімвалічна ўдзельнічаць у іх сямейным жыцці. Ён пажадаў сем’ям мужнасці і нагадаў, што яе крыніцай з’яўляецца сам Бог, Які даў чалавецтву свайго Сына. Божае Валадарства запрашае нас прыняць новую логіку і дынаміку, здольныя адкрываць нябёсы і чалавечыя сэрцы, розумы і гарызонты. Божая логіка мае смак сям’і і сумеснага жыцця, лічыць Святы Айцец.

Папа заклікаў да барацьбы “на розных узроўнях” з нявызначанасцю і ізаляцыяй, якія робяць чалавека ўспрымальным да ілюзорных рашэнняў. Гэта трэба зрабіць на шляху заканадаўства, якое павінна бараніць кожную сям’ю і забяспечыць мінімальныя рэсурсы, неабходныя для яе развіцця праз адукацыю і дастойную працу. Але з гэтымі пагрозамі трэба змагацца і шукаючы шляху да Бога і Яго любові.

Францішак заўважыў, што сёння існуюць спробы аслабіць і падарваць сям’ю, сцвярджаючы, што яна з’яўляецца састарэлым узорам, для якога не існуе месца ў грамадстве. Ён дадаў, што зараз можна назіраць ідэалагічную каланізацыю, якая знішчае сям’ю, і падкрэсліў, што лепшай з’яўляецца сям’я, якая пастаянна спрабуе пачаць усё нанова, чым грамадства самазакаханае і апантанае раскошай і камфортам; лепшая сям’я са стомленым ад пастаянных вырачэнняў тварам, чым упрыгожаныя абліччы, якія не маюць паняцця аб пяшчотным клопаце і спагадзе.

Завяршаючы прамову, Папа запрасіў усіх ўзяцца за рукі і разам памаліцца “Вітай, Марыя”, давяраючы Маці Божай Гвадэлупскай мексіканскія сем’і. 

Сустрэча на стадыёне ў Тустла Гут’ерэс скончылася аднаўленнем сужэнскіх абяцанняў.








All the contents on this site are copyrighted ©.