2016-02-13 19:38:00

Папа да мексіканскіх палітыкаў: не шукаць шляху прывілеяў


Папа Францішак пачаў 13 лютага 2016 г. афіцыйную праграму свайго падарожжа ў Мексіку. Першым пунктам стала рэзідэнцыя Прэзідэнта краіны – Нацыянальны палац – якую раней не наведваў ніводзін Пантыфік. Тут Святы Айцец сустрэўся з кіраўніком дзяржавы, а таксама мексіканскімі палітыкамі і прадстаўнікамі дыпламатычнага корпуса. 

Мексіка – вялікая краіна, благаслаўлёная вялікімі прыроднымі багаццямі, біялагічнай разнастайнасцю, разнастайным этнічным складам насельніцтва і культурным багаццем. Усё гэта з’яўляецца спадчынай, якую трэба цаніць, стымуляваць і бараніць, падкрэсліў ён. 

Галоўным багаццем Мексікі Францішак назваў моладзь, якая складае крыху больш за палову насельніцтва краіны. Ён заклікаў палітыкаў клапаціцца аб будучых пакаленнях мексіканцаў і заўсёды ставіць на першае месца супольнае дабро. “Досвед нам паказвае, што кожны раз, калі шукаем шляху прывелеяў ці выгодаў для выбранага кола людзей за кошт дабра ўсіх, рана ці поздна грамадскае жыццё пераўтвараецца ў глебу, прыдатную для карупцыі, наркатрафіку, адчужэння розных культур, насілля і нават гандлю людзьмі, выкраданняў і смерці, якія выклікаюць пакуты і запавольваюць развіццё”, - адзначыў Святы Айцец.

Францішак заклікаў усіх, пачынаючы ад хрысціян, да будавання грамадства, у якім ніхто не будзе адчуваць сябе ахвярай культуры адчужэння. Трэба забяспечыць доступ усіх грамадзян да неад’емных матэрыяльных і духоўных дабротаў: належнага жылля, годнай працы, харчавання, сапраўднай справядлівасці, надзейнай бяспекі, здаровага і мірнага асяроддзя. Гэта, паводле Святога Айца, не пытанне законаў, але суадказнасці кожнага чалавека за развіццё краіны.

Напрыканцы сустрэчы Пантыфік запэўніў мексіканскія ўлады ў падтрымцы з боку Каталіцкага Касцёла ў дасягненні гэтых мэтаў.








All the contents on this site are copyrighted ©.