2016-02-13 23:46:00

Пантыфік да біскупаў: ёсць патрэба ў сведках Пана


Перад абліччам прапорцый феномену наркатрафіку, складанасці яго прычын і пашырэння арэалу, які можна параўнаць з “пажыраючымі метастазамі”, неабходны прароцкая адвага і сур’ёзны душпастырскі праект, адзначыў папа Францішак 13 лютага 2016 г. падчас сустрэчы з членамі мексіканскага епіскапату ў катэдральным касцёле ў Мехіка. У змаганні з гандлем наркотыкамі Пантыфік заклікаў пачынаць з клопату пра сем’і, экзістэнцыяльныя перыферыі і супрацоўнічаць з сістэмай адукацыі і светам палітыкі.

У сваім звароце да мексіканскіх біскупаў Папа падкрэсліў, што адзінай сілай здольнай здабыць сэрцы людзей з’яўляецца Божая пяшчотнасць. “Тое, што заваёўвае і прываблівае, схіляе і перамагае, што адкрывае і вызваляе з путаў – гэта не інструменты ці строгасць законаў, але слабасць усемагутнай Божай любові, якая з’яўляецца няўрымслівай сілай Яго лагоднасці і незваротным абяцаннем Яго міласэрнасці”, - сказаў Святы Айцец.

Пантыфік заклікаў біскупаў “далікатна пахіляцца над глыбокай душой свайго народа”, не баяцца “празрыстасці”. Касцёл не патрабуе прыцемкаў, каб працаваць, а позірк біскупаў не павінен пакрывацца туманам марнасці. Важна не паддавацца сапсутасці вульгарным матэрыялізмам і падманлівымі ілюзіямі заключаных употай пагадненняў. Позірк біскупа павінен сведчыць пра тое, што ён бачыў Езуса.

“Толькі Касцёл, здольны бараніць аблічча людзей, якія прыходзяць, каб стучаць у яго дзверы, здольны распавядаць ім пра Бога. Калі не расшыфруем іх пакутаў, калі не зразумеем іх патрэбаў, не зможам нічога зрабіць”, - сказаў Пантыфік і нагадаў аб недапушчальнасці клерыкалізму і самадастатковасці. “Няма патрэбы ў князях, але ёсць у супольнасці сведкаў Пана”, - сказаў Францішак.

Папа заклікаў біскупаў да місійнага запалу і выхавання свецкіх вернікаў, асабліва моладзі, у першую чаргу патрапіўшай у пастку грошай ці гандляроў смерцю – наркотыкамі. Гэты выклік нельга недаацэньваць і ён павінен збліжаць Касцёл і грамадства, перакананы Пантыфік.

Святы Айцец нагадаў пра важнасць абароны карэннага індзейскага насельцтва Мексікі. Біскупы павінны памятаць пра моц старажытных каранёў, захоўваць памяць і даваць надзею. “Няхай вашы погляды будуць здольныя спрыяць адзінству, прымірэнню і інтэграцыі”, - сказаў Папа. 

Напрыканцы сваёй прамовы ён заклікаў мексіканскі епіскапат супрацоўнічаць з амерыканскім у справе дапамогі мігрантам.








All the contents on this site are copyrighted ©.