2016-02-12 14:15:00

Святы Айцец пацвердзіў намер наведаць Калумбію


Папа Францішак пацвердзіў, што ў 2017 г. наведае Калумбію для магчымага падпісання мірнага пагаднення паміж урадам і паўстанцамі Рэвалюцыйных узброеных сіл Калумбіі (ФАРК). Адказваючы на пытанне калумбійскага журналіста падчас пералёту ў Мексіку, Святы Айцец выказаў гатоўнасць прыбыць у краіну, калі мірныя перамовы паміж бакамі, якія вядуцца ў Гаване, прывядуць да заключэння згоды.

Размаўляючы з журналістамі Пантыфік прызнаўся, што яго асабістым глыбокім жаданнем з’яўляецца малітва перад цудатворным абразом Маці Божай Гвадэлупскай, таямніца якога “шмат вывучаецца, але якой не знаходзіцца чалавечага тлумачэння”.

Папа таксама распавёў, што яго падарожжа ў Мексіку стане апошнім для цяперашняга арганізатара папскіх візітаў, Альберта Газбары, які сыходзіць на пенсію. Пантыфік падзякаваў яму за шматгадовую працу і прадставіў новага арганізатара Апостальскім падарожжаў: калумбійскага святара кс. Маурысіа Руэда, які да гэтага часу працаваў у Дзяржсакратарыяце.








All the contents on this site are copyrighted ©.