2016-02-12 23:22:00

Пантыфік і Патрыярх падпісалі сумесную дэкларацыю


“Ласка Пана Езуса Хрыста і любоў Бога, і еднасць Духа Святога з усімі Вамі”, - гэтымі словамі з Другога Пасалання да Карынцянаў (2 Кар 13,13) пачынаецца сумесная дэкларацыя папы Францішка і Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла. Яна была падпісана 12 лютага 2016 г. у Гаване, пасля двухгадзіннай сустрэчы Прадстаяцелей Цэркваў. 

“Па волі Бога і Айца, ад Якога зыходзіць ўсякі дар, у імя Пана нашага Езуса Хрыста, садзейнічаннем Святога Духа Суцяшальніка, мы, Францішак, Папа Рымскі, і Кірыл, Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі, сустрэліся сёння ў Гаване. Мы аддаём падзяку ў Тройцы ўслаўленаму Богу за гэтую сустрэчу, першую ў гісторыі”, - адзначаецца ў заяве. Папа і Патрыярх падкрэсліваюць, што сустрэліся з радасцю, “як браты па хрысціянскай веры”, каб абмеркаваць ўзаемаадносіны паміж Цэрквамі, надзённыя праблемы паствы і перспектывы развіцця чалавечай цывілізацыі.

Адзначаецца сімволіка Кубы, як месца сустрэчы. Краіна ляжыць, удалечыні ад старых спрэчак “Старога свету”, “на скрыжаванні шляхоў паміж Поўначчу і Поўднем, Захадам і Усходам”. Востраў стаў сімвалам надзей “Новага свету” і драматычных падзей гісторыі ХХ стагоддзя. Лацінская Амерыка прадстаўляе сабой “магутны рэлігійны патэнцыял” і “шматвяковыя хрысціянскія традыцыі”.

У дэкларацыі гаворыцца, што Цэрквы “падзяляюць агульную духоўную Традыцыю першага тысячагоддзя хрысціянства”. Але, нягледзячы на гэта, католікі і праваслаўныя на працягу амаль тысячы гадоў пазбаўлены зносін у Эўхарыстыі. Яны “падзелены ранамі, нанесенымі ў канфліктах далёкага і нядаўняга мінулага, падзеленыя і ўспадкаванымі ад нашых папярэднікаў адрозненнямі ў разуменні і тлумачэння нашай веры ў Бога, адзінага ў трох Асобах – Айца, Сына і Духа Святога”. 

“Мы смуткуем аб страце адзінства, што стала следствам чалавечай слабасці і грахоўнасці, і адбылася насуперак Першасвятарскай малітве Хрыста Збаўцы”, - падкрэсліваецца ў дэкларацыі. Папа і Патрыярх выказалі надзею, што сустрэча “зробіць унёсак у справу дасягнення таго запаведанага Богам адзінства, пра якое маліўся Хрыстус”, “натхніць хрысціян усяго свету” да малітвы за адзінства і “стане знакам надзеі для ўсіх людзей добрай волі”.

“У рашучасці прыкладаці ўсё неабходнае для таго, каб пераадольваць гістарычна ўспадкаваныя намі рознагалоссі, мы хочам аб’ядноўваць нашы намаганні для сведчання аб Евангеллі Хрыста і агульнай спадчыне Касцёла першага тысячагоддзя, сумесна адказваючы на выклікі сучаснага свету. Праваслаўныя і католікі павінны навучыцца несці згоднае сведчанне праўды ў тых галінах, у якіх гэта магчыма і неабходна. Чалавечая цывілізацыя ўступіла ў перыяд эпахальных перамен. Хрысціянскае сумленне і пастырская адказнасць не дазваляюць нам заставацца абыякавымі да выклікаў, якія патрабуюць сумеснага адказу”, - гаворыцца ў дэкларацыі.

Прадстаяцелі падкрэслілі, што іх “позірк скіраваны, перш за ўсё, да тых рэгіёнаў свету, дзе хрысціяне церпяць пераслед”. Гаворка ідзе пра “многія краіны Блізкага Усходу і Паўночнай Афрыкі”, дзе паслядоўнікі Хрыста знішчаюцца цэлымі сем’ямі, вёскамі і гарадамі, храмы падвяргаюцца варварскаму разбурэнню і рабаванню. Назіраецца “масавы зыход хрысціян з той зямлі, дзе пачалося распаўсюджванне нашай веры і дзе яны жылі з апостальскіх часоў разам з іншымі рэлігійнымі супольнасцямі”. 

У дакуменце гучыць заклік да міжнароднай супольнасці, прадпрыняць “хуткія дзеянні для прадухілення далейшага выцяснення хрысціян з Блізкага Усходу”. “Заклікаем сусветная супольнасць згуртавацца, каб скончыць з насіллем і тэрарызмам, і адначасова праз дыялог садзейнічаць больш хуткаму дасягненню грамадзянскага міру”, “звяртаемся да ўсіх бакоў, якія могуць апынуцца ўцягнутымі ў канфлікты, з гарачым заклікам праявіць добрую волю і сесці за стол перамоваў”, “заклікаем усе краіны, залучаныя ў барацьбу з тэрарызмам, да адказных, узважаных дзеянняў”, - напісана ў дэкларацыі. “Для таго, каб свет быў трывалым і надзейным, неабходны асаблівыя намаганні, накіраваныя на вяртанне да агульных, аб’ядноўваючых нас каштоўнасцяў, заснаваных на Евангеллі Пана нашага Езуса Хрыста”, - гаворыцца ў ёй.

Пантыфік і Патрыярх узгадалі тых, хто “цаной уласнага жыцця сведчаць аб праўдзе Евангелля”, аддаючы перавагу смерці, а не адрачэнню ад Хрыста”. Сучасныя мучанікі з розных Цэркваў з’яўляюцца закладам адзінства хрысціян.

“У гэтую трывожную эпоху неабходны міжрэлігійны дыялог”, - лічаць Прадстаяцелі. На іх думку, менавіта “рэлігійныя лідэры нясуць асаблівую адказнасць за выхаванне сваёй паствы ў духу павагі да перакананняў тых, хто належыць да іншых рэлігійных традыцый”.

“Сведчачы аб высокай каштоўнасці рэлігійнай свабоды, мы аддаём падзяку Богу за беспрэцэдэнтнае адраджэнне хрысціянскай веры, якое адбываецца цяпер у Расіі і ў многіх краінах Усходняй Еўропы, дзе дзесяцігоддзямі панавалі атэістычныя рэжымы”, - гаворыцца ў дэкларацыі. Адзначаецца, што там “праваслаўныя і католікі нярэдка працуюць разам”, адстойваючы агульныя духоўныя асновы чалавечага сужыцця, сведчачы аб евангельскіх каштоўнасцях”.

У той жа час, гучыць занепакоенасць тым, што адбываецца ў іншых краінах, якія ператварыліся ў секулярызаваныя грамадствы, без памяці пра Бога і пра Яго ісціну. Гэта вядзе да “сур’ёзнай небяспекі для рэлігійнай свабоды”. “Мы занепакоены цяперашнім абмежаваннем правоў хрысціян, не кажучы ўжо пра іх дыскрымінацыю, калі некаторыя палітычныя сілы, кіруючыся ідэалогіяй секулярызму, якая часта становіцца агрэсіўнай, імкнуцца выціснуць іх на узбочыну грамадскага жыцця”, - заявілі Пантыфік і Патрыярх.

У дэкларацыі закранаецца пытанне еўрапейскай інтэграцыі. Падкрэсліваецца, што яна павінна паважаць рэлігійную ідэнтычнасць, а Еўропа павінна быць вернай сваім хрысціянскім караням. Прадстаяцелі Цэркваў заклікалі хрысціян Усходняй і Заходняй Еўропы аб’яднацца для сумеснага сведчання аб Хрысце і Евангеллі, каб Еўропа захавала сваю душу, сфарміраваную двухтысячагадовай хрысціянскай традыцыяй.

Позірк Папы і Патрыярха скіраваны да людзей, якія знаходзяцца ў цяжкай сітуацыі, жывуць ва ўмовах крайняй беднасці, у той час, калі матэрыяльныя багацці чалавецтва растуць. “Мы не можам заставацца абыякавымі да лёсу мільёнаў мігрантаў і бежанцаў, якія стукаюцца ў дзверы багатых краін”, - гаворыцца ў дакуменце. Звяртаецца ўвага на тое, што нястрыманае спажывецтва, уласцівае найбольш развітым краінам, знясільвае рэсурсы нашай планеты, а няроўнасць у размеркаванні зямных дабротаў умацоўвае пачуццё несправядлівасці, якая насаджаецца сістэмай міжнародных адносін.

“Хрысціянскія Цэрквы пакліканы бараніць патрабаванні справядлівасці, павагі да традыцый народаў і дзейснай салідарнасці з усімі пакутуючымі”, - заявілі Папа і Патрыярх Маскоўскі.

Асобны пункт дэкларацыі прысвечаны абароне сям’і. Выказваецца занепакоенасць крызісам гэтага інстытута ў многіх краінах. Праваслаўныя і католікі пакліканы сведчыць аб сям’і, як шляху да святасці. Сужэнства – гэта школа любові і вернасці. “Нам шкада, што іншыя формы сужыцця сёння прыраўноўваюцца да гэтага саюзу, а асвечанае біблійнай традыцыяй прадстаўленне аб бацькоўстве і мацярынстве, як асаблівым пакліканні мужчыны і жанчыны, выцясняецца з грамадскай свядомасці”, - гаворыцца ў дэкларацыі.

Францішак і Патрыярх Кірыл заклікалі ўсіх людзей да павагі да неад’емнага права на жыццё. “Мільёны немаўлят пазбаўляюцца самой магчымасці з’яўлення на свет. Прадстаяцелі заўважылі, што “распаўсюджванне так званай эўтаназіі прыводзіць да таго, што пажылыя і хворыя пачынаюць адчуваць сябе празмерным цяжарам для сваіх блізкіх і для грамадства ў цэлым”. Яны выказалі заклапочанасць ўсё больш шырокім ужываннем біямедыцынскіх рэпрадуктыўных тэхналогій.

Асобная частка дэкларацыі ўтрымлівае зварот да хрысціянскай моладзі. Важна не закопваць свае таленты ў зямлю, а выкарыстаць дары дадзеныя Богам для ўмацавання ў свеце праўды Хрыста. “Не бойцеся ісці супраць плыні, баронячы праўду Божую, з якой далёка не заўсёды супадаюць сучасныя секулярныя стандарты”, - заклікалі маладых людзей Папа і Патрыярх. Важна выхоўваць дзяцей у хрысціянскай веры, дадалі яны.

У дэкларацыі асуджаюцца любыя формы празелітызму. “Мы не супернікі, а браты: з разумення гэтага неабходна сыходзіць ва ўсіх нашых дзеяннях у адносінах адзін да аднаго і да знешняга свету”, - гаворыцца ў дакуменце.

Асаблівым чынам у дэкларацыі закранута “украінская тэматыка”, у прыватнасці, напружанасць паміж грэка-католікамі і праваслаўнымі. Выказваецца надзея на тое, што сустрэча Святога Айца і Патрыярха паспрыяе яе пераадоленню. “Сёння відавочна, што метад “уніятызму” былых стагоддзяў, які прадугледжвае яднанне адной супольнасці з іншай шляхам яе адрыву ад сваёй Царквы, не з’яўляецца дарогай аднаўлення еднасці. У той жа час, царкоўныя супольнасці, якія з’явіліся ў выніку гістарычных абставінаў, маюць права існаваць і прадпрымаць усё неабходнае для задавальнення духоўных патрэбаў сваіх вернікаў, імкнучыся да міру з суседзямі. Праваслаўныя і грэка-католікі маюць патрэбу ў прымірэнні і адшуканні належных форм узаемнага суіснавання”, - напісалі Прадстаяцелі Каталіцкага Касцёла і Рускай Праваслаўнай Царквы.

Папа і Патрыярх выказалі смутак у сувязі з супрацьстаяннем ва Украіне, якое забрала мноства чалавечых жыццяў, прынесла незлічоныя пакуты мірным жыхарам, зрынула грамадства ў глыбокі эканамічны і гуманітарны крызіс. “Заклікаем усе бакі канфлікту да разважлівасці, грамадскай салідарнасці і дзейснага міратворства. Заклікаем нашы Цэрквы ва Украіне працаваць для дасягнення грамадскай згоды, устрымліваючыся ад удзелу ў супрацьстаянні, і не падтрымліваць далейшае развіццё канфлікту”, - гаворыцца ў дакуменце.

Таксама выказваецца надзея на пераадоленне расколу паміж праваслаўнымі вернікамі Украіны на аснове існуючых кананічных нормаў, на мір і згоду сярод праваслаўных вернікаў Украіны, а таксама на садзейнічанне з боку католікаў у гэтым працэсе.

Падкрэсліваецца, што католікі і праваслаўныя пакліканы супрацоўнічаць у справе абвяшчэння Евангелля і даванні хрысціянскага сведчання ва ўсіх сферах асабістага і грамадскага жыцця. “Ад таго, ці зможам мы ў пераломную эпоху разам несці сведчанне Духа ісціны, у многім залежыць будучыня чалавецтва”, - гаворыцца ў дэкларацыі.

Завяршаецца дакумент сумесным зваротам Папы і Патрыярха да Маці Божай аб умацаванні братэрства паміж усімі хрысціянамі.








All the contents on this site are copyrighted ©.