2016-02-12 12:55:00

Апостальская Сталіца: падтрымаем Касцёл у Святой Зямлі


Згодна са шматгадовай традыцыяй у Вялікую пятніцу ва ўсім Каталіцкім Касцёле будзе праходзіць збор ахвяраванняў на дапамогу хрысціянам Святой Зямлі. У сувязі з гэтым, Кангрэгацыя па справах Усходніх Касцёлаў звярнулася з заклікам падтрымаць гэту ініцыятыву. Адначасова ёй была прадстаўлена справаздача аб выніках падобнай акцыі, якая прайшла ў мінулым годзе. З яе вынікае, што ахвяраванні былі накіраваны не толькі на падтрымку каталіцкай супольнасці Блізкага Усходу, але таксама ў Егіпце, Эфіопіі, Эрытрэі, Іране і Турцыі. Агульная колькасць сабраных ахвярванняў перавысіла 5,8 млн. долараў ЗША.

У звароце ватыканскай дыкастэрыі адзначаецца, што ў Святой Зямлі “знаходзяцца нашы карані і наша сэрца”, і “мы з’яўляемся даўжнікамі тых, хто выйшаў адтуль, каб прынесці веру свету, і тых, якія засталіся там, нягледзячы на канфлікты, якія пастаянна патрабуюць іх мучаніцтва, каб даваць сведчанне веры і клапаціцца аб слядах, пакінутых Езусам, што дазваляюць нам дакранацца рукамі да праўды нашай веры”.

Кангрэгацыя па справах Усходніх Касцёлаў заклікае вернікаў да малітоўнай і канкрэтнай дапамогі хрысціянам у Святой Зямлі, падтрымкі іх у загойванні ран, рэалізацыі справядлівасці і ініцыятывах на карысць міру ў рэгіёне.

Ахвяраванні, якія будуць збірацца ў Вялікую пятніцу, накіруюцца на падтрымку касцёльных структур, будаўніцтва жылля для маладых сем’яў, якія жадаюць застацца ў рэгіёне, працу каталіцкіх школ і ўніверсітэтаў, у якіх маюць магчымасць вучыцца прадстаўнікі розных канфесій і рэлігій, а таксама на дапамогу бежанцам з Сірыі і Іраку.








All the contents on this site are copyrighted ©.