2016-02-11 11:20:00

Францішак разаслаў па свеце місіянераў міласэрнасці


Місіянер міласэрнасці павінен быць знакам і прыладай Божага прабачэння, адзначыў папа Францішак падчас Эўхарыстыі, якую цэлебраваў ў Папяльцовую сераду 10 лютага 2016 г. у Ватыкане. “Няхай вашы рукі благаслаўляюць і суцяшаюць братоў і сясцёр як бацькоўскія далоні. Няхай праз ваш позірк і рукі Айца спачнуць на дзецях і загояць іх раны”, - заклікаў Пантыфік. Падчас св. Імшы ён здзейсніў адмысловы абрад, праз які разаслаў у розныя куткі свету Місіянераў міласэрнасці. Гаворка ідзе пра амаль тысячу святароў, якія ад імя Папы будуць сведчыць міласэрнасць у канфесіяналах, у тым ліку, праз адпушчэнне грахоў, зарэзерваваных Апостальскай Сталіцы. 

У сваёй гаміліі Святы Айцец заўважыў, што на пачатку Вялікага посту Божае слова заклікае вернікаў “паяднацца з Богам”. Хрыстус просіць аб гэтым, таму што “ведае наколькі слабымі і грэшнымі мы з’яўляемся, ведае пра слабасць нашага сэрца; бачыць, што яно паранена злом, якое мы здзейснілі або з якім сустрэліся”. “Ён ведае наколькі мы патрабуем прабачэння. Ведае, што мы павінны адчуць сябе ўмілаванымі, каб рабіць дабро”, -  сказаў Папа.

Францішак заклікаў вернікаў не паддавацца спакусе жыцця ў граху, прымяншаючы яго і знаходзячы яму апраўданне, думаючы, што мы не горшыя за іншых. Такім чынам, мы зачыняем замкі ўласнай душы і застаемся закрытымі ўнутрана, становімся вязнямі зла, патлумачыў Святы Айцец.

Папа назваў пачуццё сораму добрым знакам, які ўказвае на жаданне адарвацца ад граху. Сорам, аднак, не павінен пераўтварыцца ў нараканне ці страх, дадаў ён. Францішак заклікаў не дазволіць негатыўным думкам авалодаць сабой і не трапляць у смутак, але імкнуцца да Хрыста, які адарае сапраўднай сілай і спакоем.

На працягу Вялікага посту Папа заахвоціў вернікаў прыходзіць на дапамогу тым, хто патрабуе іх часу, увагі і сяброўства. Ён заклікаў быць больш міласэрнымі і ўважлівымі да патрэб іншых, адмовіцца ад марнасці і абыякавасці.








All the contents on this site are copyrighted ©.