2016-02-04 10:32:00

Святы Пасад і Славенія за гуманны адказ на выклік міграцыі


Святы Пасад і Славенія выказваюцца на карысць урэгулявання міграцыйнага крызісу ў духу салідарнасці і чалавечых каштоўнасцяў, заявілі Дзяржсакратар Яго Святасці Папы, кардынал Пьетра Паралін і славенскі прэм’ер Міра Цэрар. Бліжэйшы супрацоўнік Святога Айца знаходзіцца з 2 лютага з візітам у Славеніі з нагоды адкрыцця новага будынка Апостальскай нунцыятуры ў Любляне. Ён спаткаўся таксама з Прэзідэнтам краіны.

Адкрываючы новую штаб-кватэру дыпламатычнай місіі Святога Пасаду, кардынал казаў аб неабходнасці “маральнага голасу ў міжнародных адносінах”, абароне стаўпоў кожнай грамадзянскай супольнасці, напрыклад, сям’і, “значэнні звышнатуральных каштоўнасцяў”. Ён адзначыў, што ўсё гэта падвяргаецца сёння моцнаму ціску з боку складанага ўзаемадзеяння розных сіл. 

У цэнтры ватыканска-славенскіх сустрэч знаходзіцца міграцыйны крызіс, які для менш чым 2-мільённай Славеніі з’яўляецца вельмі балючай праблемай. За апошнія пяць месяцаў праз краіну прайшла паўмільённая хваля бежанцаў. Пасля сустрэчы з кардыналам Паралінам прэм’ер Цэрар папярэдзіў, што сітуацыя, калі не зменіцца, можа прывесці да напружанасці і нестабільнасці ў рэгіёне Заходніх Балкан.

Кіраўнік ватыканскай дыпламатыі са свайго боку выказаў удзячнасць за намаганні, якія невялікая дзяржава-член ЕС прадпрамае “для таго, каб вырашыць гэта пытанне гуманна і салідарна, да чаго заклікае Папа, выступаючы супраць культуры абыякавасці і адчужэння”. Ён таксама падкрэсліў неабходнасць сумесных дзеянняў усіх, а не толькі адной краіны, дадаўшы, што “Еўропа мае рэсурсы і каштоўнасці, каб знайсці адказ на гэты выклік”.








All the contents on this site are copyrighted ©.