2016-02-04 11:37:00

Святы Айцец: вера – самая каштоўная спадчына


Самай цудоўнай спадчынай, якую можам перадаць іншым, з’яўляецца вера, нагадаў папа Францішак 4 лютага 2016 г. падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане. У сваёй гаміліі Святы Айцец заклікаў не баяцца смерці, таму што пасля яе жыццёвы шлях працягваецца.

Каментуючы біблійнае апавяданне пра смерць караля Давіда, Пантыфік заўважыў, што яна з’яўляецца толькі пераходам ад зямнога жыцця да жыцця з Богам. І важна пра гэта не забывацца, падкрэсліў Папа.

Панаванне Давіда працягвалася 40 гадоў. Ён шмат грашыў, але навучыўся прасіць прабачэння, і таму Касцёл называе яго “святым каралём Давідам”. “Грэшнікам, але святым”, - падкрэсліў Папа. Перад самай смерцю ён заклікаў свайго сына Саламона заўсёды прытрымлівацца Божага закону. Гэта, паводле слоў Святога Айца, з’яўляецца самай каштоўнай і вялікай спадчынай, якую мужчына ці жанчына, могуць пакінуць сваім дзецям”.

Гэты абавязак заўсёды бяруць на сябе бацькі, калі просяць аб хросце для сваіх дзяцей. Падчас цырымоніі ім уручаецца запаленая свечка, якая сімвалізуе веру, святло якой яны пакліканы ахоўваць і развіваць у сваіх дзецях. Прыклад Давіда вучыць менавіта гэтаму: перадачы веры ў якасці спадчыны, сказаў Францішак.

Напрыканцы гаміліі Святы Айцец заклікаў прысутных на ёй вернікаў задумацца пра спадчыну, якую яны пакінуць пасля жыцця: ці будзе яна спадчынай людзей веры?








All the contents on this site are copyrighted ©.