2016-02-03 11:53:00

Пантыфік: міласэрнасць Бога не выключае Яго справядлівасці


Лучнасць паміж міласэрнасцю і справядлівасцю была галоўнай тэмай катэхезы, з якой папа Францішак звярнуўся да вернікаў 3 лютага 2016 г. падчас агульнай аўдыенцыі на плошчы св. Пятра ў Ватыкане. Пантыфік заклікаў не раздзяляць гэтыя паняцці і быць гатовымі прымірыцца з крыўдзіцелямі, дорачы ім сваё прабачэннем.

“Святое Пісанне прадстаўляе Бога, як бясконцую міласэрнасць, але таксама, як дасканалую справядлівасць. Як прымірыць гэтыя дзве рэчы? Як спалучаецца рэчаіснасць міласэрнасці з патрабаваннямі справядлівасці? Можа здавацца, што гэтыя дзве рэальнасці супрацьлеглыя; але на самой справе, гэта не так, бо менавіта Божая міласэрнасць вядзе да спаўнення сапраўднай справядлівасці”, - сказаў Святы Айцец.

Даючы тлумачэнне сваёй думцы, Францішак прывёў у прыклад прававую справядлівасць, згодна з якой ахвяра злоўжывання звяртаецца да суддзі з мэтай здзяйснення справядлівасці. Тут гаворка ідзе пра карную справядлівасць, якая накладае пакаранне вінаватаму, згодна з тым прынцыпам, што кожнаму павінна быць дадзена тое, чаго ён заслугоўвае, адзначыў ён. 

Гэты шлях, паводле слоў Папы, не вядзе да сапраўднай справядлівасці, паколькі на самой справе не зло не перамагаецца, а проста спыняецца. Яно можа быць па-сапраўднаму пераможана, калі адказваць на яго дабром, перакананы Святы Айцец.

“Вось іншы спосаб рэалізацыі справядлівасці, які Біблія нам прапануе ў якасці павучальнага шляху, якім трэба прайсці. Гаворка ідзе пра працэс, у якім пазбягаецца звароту да трыбуналу і прадугледжваецца, што ахвяра непасрэдна звяртаецца да вінаватага, каб запрасіць яго да навяртання, дапамагаючы яму зразумець, што ён робіць зло, апелюючы да яго сумлення. Такім чынам, праз пакаянне і прызнанне ўласнай віны, ён можа адкрыцца на прабачэнне, якое пацярпелы бок яму прапануе. Гэта спосаб для вырашэння супярэчнасцяў у сем’ях, у адносінах паміж сужонкамі ці бацькамі і дзецьмі, дзе пацярпелы любіць вінаватага і жадае захаваць адносіны, якія іх злучаюць”, - падкрэсліў Папа.

Святы Айцец прызнаў, што гэта “складаны шлях”. Ён патрабуе гатоўнасці пакрыўджанага прабачыць і падарыць збаўленне і дабро свайму крыўдзіцелю. “Але толькі так справядлівасць можа затрыумфаваць, таму што, калі вінаваты прызнае зробленае зло і перастане яго рабіць, тады зло знікне, і несправядлівы стане справядлівым, бо атрымаў прабачэнне і дапамогу ў пошуку шляху дабра”, - патлумачыў Францішак. Менавіта так Бог паступае з намі, грэшнікамі, перакананы Папа. 

“Гэта сэрца Бога, сэрца Айца, Які любіць і жадае, каб яго дзеці жылі ў дабрыні і справядлівасці, а гэта значыць, жылі ў паўнаце і былі шчаслівымі. Гэта сэрца Айца, Які пераўзыходзіць наша вузкае разуменне справядлівасці, каб адкрыць нас на бясконцыя гарызонты сваёй міласэрнасці. Гэта сэрца Айца, Які не адносіцца да нас, паводле нашых грахоў і не адплочвае нам паводле нашых правін (...). Гэта менавіта тое сэрца Айца, якое мы хочам сустрэць, калі падыходзім да канфесіяналу”, - сказаў Папа.

Напрыканцы сваёй катэхезы Францішак звярнуўся да святароў, каб праз споведзь дапамагалі вернікам сустрэцца з Богам, і, паводле Яго прыкладу, справядлівасць рэалізавалі з міласэрнасцю. 








All the contents on this site are copyrighted ©.