2016-02-01 15:28:00

Радыё Рацыя пачынае трансляцыю праграм Ватыканскага радыё


1 лютага 2016 г. Беларускае Радыё Рацыя пачынае штодзённую рэтрансляцыю праграм Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё. Для Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё гэта падзея стала гістарычнай. Упершыню за 66-гадовую гісторыю нашы праграмы будуць рэтрансліравацца іншай радыёстанцыяй штодзённа і ў поўным фармаце. На думку праграмнага дырэктара Ватыканскага радыё, кс. Анджэя Маеўскага, гэта супрацоўніцтва паслужыць будаванню мастоў і дыялогу паміж рознымі рэлігіямі і культурамі ў Беларусі.

“Мы вельмі рады ўстанаўленню супрацоўніцтва з Радыё Рацыя. Ватыканскае радыё – гэта радыё Папы. На лацінскай мове Папа – гэта “pontifex”, што азначае “будаўнік мастоў”. Беларусь мае цудоўныя традыцыі суіснавання паміж людзьмі розных рэлігій, вызнанняў і культур, якія ўзаемна ўзбагачаюцца. Мы таксама жадаем служыць гэтаму дыялогу ўнутры краіны і пашыраць яго да вымярэння Паўсюднага Касцёла. Сардэчна вітаю слухачоў Радыё Рацыя і Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё”, - сказаў ён. 

Ідэя аб пачатку супрацоўніцтва паміж радыёстанцыямі нарадзілася падчас візіту ў Рым праграмнага дырэктара Радыё Рацыя Юрыя Ляшчынскага. У ходзе сардэчнай размовы падкрэслівалася агульная зацікаўленасць у рэтрансляцыі навін з Апостальскай Сталіцы на беларускай мове. Задума была добра прынята кіраўніцтвам радыёстанцыі ў Беластоку і ў прыватнасці яе галоўным рэдактарам Яўгенам Вапам, пасля чаго пачалася падрыхтоўка да яе практычнага ажыцяўлення.

19-хвілінная перадача з Ватыкану будзе выходзіць у эфір з панядзелка па пятніцу ў 22.10 паводле беларускага часу, а па суботах і нядзелях у 23.10.








All the contents on this site are copyrighted ©.