2016-01-30 15:01:00

Японскія біскупы спадзяюцца на візіт Пантыфіка


Японскія біскупы спадзяюцца на візіт папы Францішка з нагоды беатыфікацыі Такаямы Укона. 22 студзеня 2016 г. Пантыфік ухваліў дэкрэт аб прызнанні мучаніцтва гэтага свецкага верніка – адной з самых яскравых постацяў у гісторыі Каталіцкага Касцёла ў Японіі. 

Такаяма Укон, вядомы таксама як “самурай Хрыста”, жыў на мяжы ХV-XVI ст. Належаў да першага пакалення японскіх хрысціян. Быў палітычным, вайсковым і рэлігійным дзеячам. Наследуючы прыклад свайго бацькі прыняў сакрамэнт хросту ва ўзросце 15 гадоў. За сваю вернасць Хрысту быў пазбаўлены шляхецкай годнасці і маёмасці і памёр у выгнанні на Філіпінах.

Японскія іерархі падкрэсліваюць важнае значэнне беатыфікацыі гэтага мучаніка для краіны. Біскуп дыяцэзіі Ніігата Тарцызій Ісао Кікучы звярнуў увагу на тое, што сучаснае японскае грамадства моцна пазначана рэлятывізмам і да яго складана данесці Евангелле. Новы благаслаўлёны, на думку іерарха, можа быць яскравым і відавочным знакам.

Візіт папы Францішка, паводле яго слоў, дапамог бы японскім грамадзянам звярнуць увагу на постаць гэтага свайго суайчынніка. “Я перакананы, што калі б Папа вырашыў да нас прыехаць, гэта стала б вялікай падзеяй. Гэта б схіліла японцаў да разважання і ў іх нешта б змянілася”, - сказаў біскуп Кікучы.








All the contents on this site are copyrighted ©.