2016-01-29 14:11:00

Святы Айцец заклікаў захоўваць адзінства веры і традыцый


Жыццё Касцёла грунтуецца на міласэрнасці, а першаснай праўдай каталіцкай супольнасці застаецца любоў Хрыста. Гэтым сцвярджэннем Святы Айцец распачаў свой зварот да ўдзельнікаў Пленарнага пасяджэння Кангрэгацыі Веравучэння на завяршэнне яго працы.

Пантыфік выказаў пажаданне, каб у Год Міласэрнасці цэнтральнае месца ў жыцці кожнага хрысціяніна займалі ўчынкі міласэрнасці для душы і для цела бліжняга. Бог запытаецца нас, ці мы накармілі галоднага і напаілі сасмаглага, ці дапамаглі чалавеку пазбавіцца сумневу, ці прымалі грэшнікаў, настаўляючы і даючы надзею, ці змагаліся з неадукаванасцю, асабліва ў пытаннях веры.

Па словах Святога Айца, праз веру і міласэрнасць мы пачынаем разумець і яднацца з таямніцай Любові, якою ёсць сам Бог. Яго праўдзівая міласэрнасць стала міласэрнасцю любові праз Езуса Хрыста, Які ўцелавіўся, каб збавіць людзей. На гэтай праўдзе, дадаў Францішак, грунтуецца заданне, што ўскладзена на Кангрэгацыю Веравучэння, бо вера хрысціяніна не абмяжоўваецца толькі ўменнем захоўваць памяць аб ахвяры Хрыста – гэта яшчэ і жыццё ў любові. Таму намаганні Дыкастэрыі павінны накіроўвацца на захаванне адзінства веры і традыцый.

“Каб ажыццяўляць гэту місію, патрэбны калектыўныя намаганні”, - сказаў Францішак. У сувязі з гэтым ён падтрымаў супрацоўніцтва Кангрэгацыі Веравучэння з экспертамі і членамі іншых камісій, якія “дапамагаюць Канферэнцыям Біскупаў і асобным біскупам у іх працы на карысць веравучэння ў гэты час хуткіх перамен і праблем усё большай складанасці”.

Другое пытанне, якое закрануў Пантыфік, тычылася ўзаемадапаўняльнасці іерархічных і тэалагічных дароў, якія павінны служыць на карысць Каталіцкага Касцёла і свету. Сувязь паміж гэтымі дарамі вынікае з адзінства Бога ў трох Асобах. Менавіта гэтыя вытокі дазваляюць каталіцкай супольнасці заставацца “народам, еднасць якога вынікае з адзінства Айца, Сына і Духа Святога”.








All the contents on this site are copyrighted ©.