2016-01-28 16:31:00

Францішак нагадаў пра біяэтычныя выклікі


Навука павінна заўсёды служыць чалавеку, з павагай адносіцца да ўсіх людзей, асабліва да самых слабых, а біятэхналогіі ніколі нельга выкарыстоўваць супраць чалавечай годаснасці, адзначыў папа Францішак 28 студзеня 2016 г. у звароце да членаў італьянскага Нацыянальнага камітэту па біяэтыцы, якіх прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане.

Пантыфік нагадаў, што Касцёл вельмі ўважлівы да тэматыкі звязанай з біяэтыкай, і яго пазіцыя заключаецца ў тым, каб бараніць самых безабаронных. “Гаворка ідзе пра тое, каб служыць чалавеку, усяму чалавеку, усім мужчынам і жанчынам, з асаблівай увагай і клопатам да самых слабых і невыгодных асоб, якія змагаюцца за тое, каб іх голас быў пачуты, або не могуць, яшчэ ці ўжо, яго ўзняць”, - сказаў Папа. 

Паводле Святога Айца, у гэтай сферы “касцёльная і грамадская супольнасці сустракаюцца і пакліканы да супрацоўніцтва, згодна са сваімі адметнымі кампетэнцыямі”.

Чалавечая асоба заўсёды павінна быць мэтай і ніколі сродкам, сказаў Пантыфік. Гэты этычны прынцып з’яўляецца фундаментальным і тычыцца таксама прымянення біятэхналогій у медыцынскай сферы. Яны, паводле Пантыфіка, ніколі не могуць выкарыстоўвацца з пагрозай для чалавечай годнасці ці выключна ў прамысловых і камерцыйных мэтаў. 

Францішак заўважыў, што біяэтыка нарадзілася для таго, каб параўноўваць годнасць чалавечай асобы з развіццём навукі і біялагічных і медыцынскіх тэхналогій, якія ў сваім хуткім рытме рызыкуюць згубіць усе прынцыпы, што не адпавядаюць карыслівасці і прыбытку.

Напрыканцы сваёй прамовы Папа звярнуў увагу на тэму інваліднасці і маргіналізацыі ўразлівых людзей у грамадстве хуткага прагрэсу. Выклікам, на яго думку, з’яўляецца супрацьстаянне культуры адчужэння, якая мае шмат выразаў, сярод якіх, “адносіны да чалавечых эмбрыёнаў, а таксама да хворых і пажылых людзей, блізкіх смерці, як да расходнага матэрыялу”. 








All the contents on this site are copyrighted ©.