2016-01-28 13:21:00

Папа: паставіць Божае святло на “падсвечнік жыцця”


Важнасць сведчання аб Божым святле і велікадушнасці ў хрысціянскім жыцці былі галоўнымі тэмамі гаміліі папы Францішка 28 студзеня 2016 г. падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане. “Святло з’яўляецца Божай таямніцай”, - сказаў Пантыфік, каментуючы літургічны евангельскі ўрывак, у якім Езус пытаўся ў вучняў: “Ці для таго прыносіцца светач, каб паставіць яго пад кош або пад ложак? Ці ўсё ж для таго, каб паставіць яго на падсвечніку?”.

Паводле слоў Пантыфіка, тут гаворка ідзе пра адну з рысаў хрысціяніна, які атрымаў святло хросту і павінен ім дзяліцца. Паслядоўнік Хрыста пакліканы быць сведкам Божага святла. Калі хрысціянін перастане несці Божае святло, ў яго сэрца ўвойдзе цемра, перакананы Папа. Сапраўдны хрысціян, на яго думку, з’яўляецца сведкам Езуса, сведкам Божага святла; ён павінен ставіць гэта святло на “падсвечнік жыцця”.

У Евангеллі Езус таксама кажа: “Якой мераю мераеце, такой і вам будзе адмерана, і яшчэ дададзена”, - заўважыў Святы Айцец. Тут гаворка ідзе пра іншую рысу хрысціяніна. “Хрысціянскае сэрца – велікадушнае. Яно заўсёды адкрытае, не ізалюе сябе ва ўласным эгаізме, не робіць разлікаў: толькі дасюль ці датуль. Калі ўваходзіш у гэта святло, калі ўваходзіш у сяброўства з Езусам, калі дазваляеш Духу Святому кіраваць сабой, сэрца становіцца адкрытым, велікадушным”, - сказаў Францішак.

Папа заўважыў, што часта ў падобнай сітуацыі хрысціян не выйграе, а страчвае нешта. Але страчвае, каб здабыць штосьці іншае – Езуса, каб стаць сведкам Езуса.

На заканчэнне сваёй гаміліі Францішак павіншаваў з 50-годдзем святарства некалькіх святароў, прысутных на Эўхарыстыі. Ён падкрэсліў іх імкненне да хрысціянскай дасканаласці і ахвярнасць дзеля Хрыста і Яго Касцёла.








All the contents on this site are copyrighted ©.