2016-01-28 16:52:00

Мусульманскі аятала ў папскім універсітэце


Папскі Латэранскі ўніверсітэт атрымаў новага супрацоўніка – аяталу. Прафесар Махмуд Тагісадэх правядзе даследчы праект у галіне шыіцкай і каталіцкай сацыяльнай тэалогіі. Яго прысутнасць у папскай навучальнай установе з’яўляецца вынікам усталяванага нядаўна супрацоўніцтва з універсітэтам святога для шыітаў горада Кум у Іране. Гэта таксама прывяло да абмену студэнтамі.

Іранскія студэнты ўжо пабывалі ў папскім універсітэце, цяпер рымскія студэнты рыхтуюцца да падарожжа ў Іран. Таксама ў снежні ў Латэранскім універсітэце адбылася дыскусія аб міласэрнасці ў хрысціянстве і ісламе.

Як адзначыў рэктар папскай ВНУ, біскуп Энрыка даль Ковала, гэта міжрэлігійнае супрацоўніцтва вынікае з самой прыроды ўніверсітэта. Спатканне з іншымі проста неабходнае, нават тады, калі культурныя гарызонты радыкальна адрозніваюцца. Калі гэтага няма, дыялог становіцца толькі рыторыкай, лічыць іерарх. На яго думку, заходні свет, нягледзячы на дэкларацыі, не здольны да такога дыялогу, таму што не ведае і не шануе, у першую чаргу, сябе, і ў выніку, блытае дыялог з культурнай падлегласцю.








All the contents on this site are copyrighted ©.