2016-01-27 12:45:00

Пантыфік: Год Міласэрнасці – нагода прабачыць адно аднаго


Пра збаўчую прысутнасць Божай міласэрнасці ў гісторыі Выбранага народу распавёў папа Францішак 27 студзеня 2016 г. падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане. Ён працягнуў цыкл катэхез, прысвечаных Божай міласэрнасці ў Святым Пісанні.

“Сваёй міласэрнасцю, Пан спадарожнічаў шляху Патрыярхаў, адорваў іх нашчадкамі, нягледзячы на бясплоднасць, вёў іх шляхамі ласкі і паяднання, як паказавае гісторыя Юзафа і яго братоў. Я думаю пра шматлікіх братоў, якія аддаліліся адно ад аднаго і не размаўляюць паміж сабой. Гэты Год Міласэрнасці з’яўляецца цудоўнай нагодай, каб сустрэцца, абняцца і прабачыць адно аднаго! Забыцца пра кепскія рэчы! Але, як ведаем, у Егіпце жыццё народа было цяжкім і менавіта калі ізраільцяне мелі намер здацца, умешваўся Бог і здзяйсняў збаўленне”, - нагадаў Папа.

Паводле слоў Святога Айца, “міласэрнасць не можа заставацца абыякавай перад пакутамі прыгнечаных, крыкам падвергнутых насіллю, прымушаных да рабства, асуджаных на смерць”. 

“Гэта балючая рэчаіснасць, якая тычыцца кожнай эпохі, уключаючы нашу, робіць так, што адчуваем сябе бяссільнымі, спакушанымі ўчыніць свае сэрцы цвёрдымі і думаць пра штосьці іншае. Бог, аднак, “не абыякавы”. Ён ніколі не адварочвае вачэй ад чалавечага болю. Бог міласэрнасці адказвае і бярэ на сябе клопат аб бедных, тых, якія крычаць аб сваёй роспачы. Бог слухае і ўмешваецца, каб збавіць, пабуджаючы людзей, здольных пачуць плач цярпення і дзейнічаць на карысць прыгнечаных”, - падкрэсліў Пантыфік. 

Менавіта такім чынам пачалася гісторыя Майсея, як пасярэдніка вызвалення для народу. “Майсей, якога Божая міласэрнасць выратавала з водаў Нілу, калі ён быў толькі народжаны, становіцца пасярэднікам гэтай самай Божай міласэрнасці, дазваляючы народу, вызваленаму з водаў Чырвонага мора,  нарадзіцца да свабоды. Таксама і мы, у гэты Год Міласэрнасці, можам зрабіць падобным чынам: стаць пасярэднікамі міласэрнасці праз справы міласэрнасці, каб наблізіцца, даць суцяшэнне, стварыць еднасць. Шмат добрых рэчаў можна зрабіць”, - сказаў Папа.

Святы Айцец заўважыў, што Божая міласэрнасць заўсёды дзейнічае так, каб прынесці збаўленне. Гэта цалкам супрацьлегла дзейнасці тых, хто забівае, вядзе войны. “Пан, праз свайго слугу Майсея, вёў Ізраэль па пустыні, як сына, вучыў яго веры і запавету з сабой, ствараючы сувязь неабмежавана моцнай любові, падобную на сувязь, якая лучыць бацьку і сына або жаніха і нявесту”, - дадаў ён.

Францішак нагадаў, што Бог прапанаваў Выбранаму народу адносіны выключнай і прывілеяванай любові. Міласэрнасць Пана робіць чалавека каштоўным, ён становіцца нібыта асабістым багаццем Бога, якое Ён бароніць, і ў якім мае ўпадабанне, падкрэсліў Святы Айцец.

Напрыканцы сваёй катэхезы Папа адзначыў, што Божая міласэрнасць дасягае сваёй поўні ў Езусе, у гэтым “новым і вечным Запавеце”, які быў заключаны праз Яго кроў, і які разам з прабачэннем знішчае наш грэх і канчаткова робіць нас Божымі дзецьмі, каштоўнымі ў руках Бога, добрага і міласэрнага.








All the contents on this site are copyrighted ©.