2016-01-26 15:06:00

Пантыфік прыняў Прэзідэнта Ісламскай Рэспублікі Іран


26 студзеня 2016 г. у Ватыкане Святы Айцец Францішак прыняў на аўдыенцыі Хасана Рухані, Прэзідэнта Ісламскай Рэспублікі Іран. Палітык правёў сустрэчу таксама з кардыналам Дзяржсакратором Пьетра Паралінам, якога суправаджаў арцыбіскуп Пол Рычард Галахер, сакратар па сувязях Святога Пасаду з дзяржавамі. 

Падчас сардэчных размоў была падкрэслена важнасць агульных духоўных каштоўнасцяў і зроблена спасылка на добры стан адносін паміж Апостальскай Сталіцай і Іранам. Таксама гаворка ішла пра жыццё Каталіцкага Касцёла ў краіне і дзеянні Святога Пасаду на карысць абароны годнасці чалавечай асобы і свабоды веравызнання. 

Увага была звернута на важнасць заключэння і прымянення пагаднення адносна іранскай ядзернай праграмы і важную ролю, якую Іран закліканы адыграць, нароўні з іншымі краінамі ў рэгіёне, у садзейнічанні распрацоўцы належных палітычных рашэнняў адносна праблем, якія ўплываюць на Блізкі Усход, каб процідзейнічаць распаўсюджванню тэрарызму і гандлю зброяй. 

Падчас ватыканскіх сустрэч бакі падкрэслілі важнасць міжрэлігійнага дыялогу і адказнасці рэлігійных супольнасцяў у справе садзейнічання прымірэнню, цярпімасці і міру.








All the contents on this site are copyrighted ©.