2016-01-24 11:42:00

У Беларусі прайшлі экуменічныя сустрэчы


У чарговы, ужо 9 раз, у Беларусі, у рамках Тыдня малітвы аб еднасці хрысціян, прайшлі экуменічныя сустрэчы. У гэтым годзе тэма адмысловых набажэнстваў: “Пакліканыя, каб абвяшчаць вялікія справы Пана”. Упершыню тэксты малітвы для ўсяго Касцёла падрыхтавалі хрысціяне ўсходнееўрапейскай краіны – Латвіі, адзначыў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі на пачатку міжхрысціянскага спаткання ў мінскай архікатэдры. 

Асабліва тут, у Беларусі, дзе жывуць і супрацоўнічаюць розныя хрысціянскія канфесіі і шмат змешаных сем’яў, такія малітвы радуюць вернікаў і “цэментуюць” грамадства, лічыць беларускі іерарх. “Сёння, калі нас пры адным алтары людзі бачаць, яны з гэтага цешацца, бо такім чынам мы сведчым наша хрысціянства, а яго сёння трэба сведчыць. Мы бачым, колькі выклікаў у сучасным свеце і сёння ўжо час не разкідваць камяні, а збіраць іх. Трэба разам супрацьстаяць выклікам часу, бо інакш паўстане іншае пытанне: ці будзе хрысціянства існаваць? Шэкспіраўскае пытанне “To be or not to be?” сёння стаіць перад хрысціянствам, таму такія малітвы патрэбны”, - патлумачыў Мітралапаліт.

У мінскай архікатэдры Найсвяцейшага Імя  Марыі 23 студзеня 2016 г. сабраліся прадстаўнікі Цэркваў Беларусі: рыма-католікі, грэка-католікі, праваслаўныя, пратэстанты. Езус Хрыстус і Евангелле – вось тое, што аб’ядноўвае хрысціян ва ўсе часы, але адмысловы Тыдзень малітваў – яшчэ адна нагода паразважаць над Святым Пісаннем і адзіных напрамках супрацоўніцтва, - упэўнены архімандрыт Сяргей Гаек, Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі. “Тыдзень малітваў – гэта час малітвы, але і таксама час актывізацыі іншых формаў набліжэння, напрыклад, развага над сумесным сацыяльным служэннем, іншымі духоўнымі сумеснымі тэмамі. Вядома, мы збіраемся тут у Мінску, гэта добрая традыцыя і гэта амаль адзіная сёння пляцоўка сустрэчы з пратэстантамі, гэта вельмі каштоўна”, - сказаў святар.  

Соль, вада, хлеб  – гэтыя хрысціянскія сімвалы сталі адмысловымі на сёлятняй сустрэчы. “Стаць соллю і вадой зямлі” – сімвалічна аднавілі абяцанні прадстаўнікі канфесій на сустрэчы, але сёння ўсе вернікі павінны памятаць аб агульных запаведзях, імкнуцца перш за ўсё перамяніць сябе, упэнены кіраўнік аддзела адукацыі і катэхізацыі Беларускай Праваслаўнай Царквы пратаіерэй Аляксандр Шымбалёў. “Калі ўсе хрысціяне будуць імкнуцца жыць па запаведзям, клапаціцца аб тым, каб дабрачыннасць у свет праводзіць, каб пазбавіцца ад сваіх грахоў, каб любоў Божую у свет прынесці, гэта значыць, калі яны будуць аб перамяненні душы і свету клапаціцца, то свет Хрыстоў яны прынясуць і ў свае душы, і ў свае суполкі”, - нагадаў святар.

Сёлета экуменічныя сутрэчы прайшлі па ўсёй краіне – у Мінску, Віцебску, Гродна і Магілёве. І гэта таксама вялікая радасць, адзначыў пастар Евангельска-Лютэранскай Царквы Уладзімір Татарнікаў. “Малітва аб аднасці хрысціян радует, таму што яна распаўсюдзілася на іншыя абласныя цэнтры. Радуе, што прадстаўнікі хрысціняскіх канфесій збіраюцца разам, каб яшчэ раз памаліцца аб міры, аб любові адзін да аднаго, яшчэ раз паразважаць над тэкстам Бібліі”, - сказаў ён.

Напрыканцы малітвы кожны з удзельнікаў запаліў сваю свечку ад азінага Пасхала і перадаў знак супакою. 

Ларыса Абрамчук, Мінск.   








All the contents on this site are copyrighted ©.