2016-01-24 13:07:00

Папа: быць хрысціянінам і быць місіянерам – гэта тое самае


Місія Касцёла і кожнага ахрышчанага заключаецца ў евангелізацыі бедных, адзначыў папа Францішак 24 студзеня 2016 г. перад малітвай “Анёл Панскі” на плошчы св. Пятра. Пантыфік нагадаў, што абвяшчэнне Евангелля словам і жыццёвым прыкладам з’яўляецца галоўнай мэтай хрысціянскіх супольнасцяў і кожнага верніка. 

“У сённяшнім Евангеллі, евангеліст Лука, перш чым прадставіць праграмную прамову Езуса ў Назарэце, коратка абагульняе Яго евангелізацыйную дзейнасць. – сказаў Папа – Гэта дзейнасць, якую Ён споўніў з моцай Святога Духа: Яго слова – унікальнае, таму што адкрывае сэнс Святога Пісання; гэта Слова аўтарытэтнае, таму што нават загадвае духам нячыстым і яны яго слухаюцца (пар. Мк 1,27). Езус адрозніваецца ад настаўнікаў свайго часу: Ён не адкрыў школы, для вывучэння Закона, але ішоў, каб абвяшчаць і навучаць паўсюль: у сінагогах, на вуліцах, у дамах. Езус адрозніваецца таксама ад Яна Хрысціцеля, які абвяшчаў ужо блізкі суд Бога, у той час як Езус абвяшчаў Яго бацькоўскае прабачэнне.

Зараз мы таксама ўваходзім у сінагогу Назарэта, мястэчка ў якім Езус рос да амаль трыццацігадовага ўзросту. Там адбылася важная падзея, якая акрэсліла місію Езуса. Ён устаў, каб прачытаць фрагмент Святога Пісання. Разгарнуў кнігу прарока Ісаі і выбраў урывак у якім напісана: “Дух Пана на Мне; бо Ён намасціў Мяне абвяшчаць добрую навіну ўбогім” (Лк 4,18). Затым, пасля хвіліны цішыні напоўненай чаканнем, прамовіў пасярод агульнага здзіўлення: “Сёння споўніліся гэтыя словы Пісання, якія вы чулі” (21).

Евангелізацыя ўбогіх: гэта місія Езуса; гэта таксама місія Касцёла і кожнага ахрышчанага ў Касцёле. Быць хрысціянінам і быць місіянерам – гэта тое самае. Абвяшчэнне Евангелля словам, а перш за ўсё, жыццём – гэта галоўная мэта хрысціянскай супольнасці і кожнага яе члена.

Што, аднак, азначае: евангелізаваць убогіх? Гэта азначае набліжэнне да іх, служэнне ім, вызваленне іх з-пад прыгнёту, і ўсё гэта ў імя Хрыста і з Духам Хрыста, паколькі Ён з’яўляецца Евангеллем Бога, Міласэрнасцю Божай, вызваленнем Божым. Тэкст Ісаі, узмоцнены невялікімі зменамі, уведзенымі Езусам, указвае, што місіянерскае абвяшчэнне Валадарства Божага, якое прыйшло да нас, прывелеяваным чынам скіравана да адчужаных, зняволеных, спакутаваных.

Хутчэй за ўсё ў часы Езуса гэтыя людзі не былі ў цэнтры супольнасці веры. Спытаем саміх сябе: ці зараз, у нашых парафіяльных супольнасцях, у таварыствах, рухах, мы верныя праграме Езуса? Ці евангелізацыя бедных, нясенне ім Радаснай Навіны з’яўляецца нашым прыярытэтам? Увага: гаворка не дзе пра аказанне сацыяльнай дапамогі ці, тым больш, пра палітычную дзейнасць. Гаворка ідзе пра ахвяраванне моцы Евангелля Божага, якое навяртае сэрцы, загойвае раны, змяняе чалавечыя і грамадскія адносіны згодна з логікай любові. Бедныя, на самой справе, знаходзяцца ў цэнтры Евангелля.

Няхай Панна Марыя, Маці евангелізатараў, дапаможа нам моцна адчуваць голад і прагненне Евангелля, якое існуе ў свеце, асабліва ў сэрцах і целах убогіх. Няхай яна ўдзеліць кожнаму з нас і для кожнай хрысціянскай супольнасці, здольнасць канкрэтнага сведчання міласэрнасці, якой Хрыстус нас адарыў”.

Пасля марыйнай малітвы Пантыфік прывітаў прысутныя на ватыканскай плошчы групы пілігрымаў і заклікаў не забываць маліцца за яго.








All the contents on this site are copyrighted ©.