2016-01-23 15:10:00

Ватыканскі іерарх заклікаў журналістаў да міласэрнасці


“Міласэрнасць і праўда сустрэнуцца” – пад такой назвай у Рыме прайшла лекцыя арцыбіскупа Рына Фізікелы, старшыні Папскай рады па новай евангелізацыі і каардынатара Юбілею Міласэрнасці. Даклад высокага ватыканскага іерарха, які адбыўся 22 студзеня 2016 г., ва ўспамін св. Францішка Сальскага, апекуна журналістаў, адкрыў цыкл сустрэч для працаўнікоў сферы камунікацыі і людзей мастацтва, арганізаваны ў рымскай базыліцы Санта-Марыя-ін-Монтэсанта. 

У каментары для Ватыканскага радыё арцыбіскуп Фізікела з жалем заўважыў, што на першым плане часцей за ўсё знаходзяцца негатыўныя навіны з жыцця людзей і грамадства. Так не павінна быць, таму што існуе шмат прыкладаў канкрэтных добрых учынкаў і ініцыятыў, пра якія неабходна распавядаць. “Без дабрыні, без любові мы не можам жыць”, - сказаў ён.

Ватыканскі іерарх нагадаў, што журналісты пакліканы распавесці людзям пра тое месца, якое ў свеце займае міласэрнасць. “Часта мы жывем у сітуацыях глыбокай абыякавасці і закрытасці” і ў такім кантэксце заданне журналістаў заключаецца ў тым, каб паказаць, наколькі тэрміновая ў сучасным свеце патрэба ў блізкасці і адкрытасці, сказаў ён.

На працягу бліжэйшых некалькіх месяцаў, у рамках гэтай ініцыятывы, з лекцыямі выступяць старшыня Папскай рады па культуры, кардынал Джанфранка Равазі; прапаведнік Папскага дому, айцец Раньера Канталамеса; прыёр манаскай супольнасці з Бозэ брат Рэнца Бьянкі і прэфект Сакратарыяту па камунікацыі Апостальскай Сталіцы кс. прэлат Дарыё Вігано.








All the contents on this site are copyrighted ©.