2016-01-22 11:24:00

Заснавальнік кангрэгацыі айцоў-марыянаў будзе кананізаваны


21 студзеня 2016 г. падчас сустрэчы з прэфектам Кангрэгацыі па справах Кананізацыі кардыналам Анджэла Амата папа Францішак ухваліў дэкрэты аб прызнанні цудаў здзейсненых праз заступніцтва некалькіх благаслаўлёных і Слугаў Божых. Сярод іх заснавальнік Кангрэгацыі айцоў марыянаў Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі бл. Станіслаў Папчынскі, які нарадзіўся 18 мая 1631 года і памёр 17 верасня 1701 года.

Таксама Папа ўхваліў дэкрэты аб прызнанні цудаў здзейсненых праз заступніцтва аргентынскага святара бл. Хасэ Габрыэля Дэль Разарыё Бракера, які нарадзіўся 16 сакавіка 1840 года і памёр 26 студзеня 1914 года; мексіканскага свецкага верніка бл. Хасэ Санчаса Дэль Рыа, які нарадзіўся 28 сакавіка 1913 года і быў забіты 10 лютага 1928 года; італьянскага святара Слугі Божага Франчэска Марыі Грэка, заснавальніка кангрэгацыі Сясцёр Малых Працаўніц Найсвяцейшых Сэрцаў, які нарадзіўся 27 ліпеня 1857 года і памёр 13 студзеня 1931 года; італьянскай верніцы Элізабэты Саны, удавы, якая належала да Францішканскага ордэна свецкіх і Таварыства Каталіцкага Апостальства, заснаванага святым Вінцэнтам Палоцці.

Францішак ухваліў дэкрэты аб прызнанні мучаніцтва: нямецкага законніка Энгельмара Унцайтыга з кангрэгацыі Місіянераў з Марыянхілу, які нарадзіўся 1 сакавіка 1911 года і быў забіты з нянавісці да веры 2 сакавіка 1945 года; іспанскага святара Жэнара Фуэва Кастаньёна і трох яго свецкіх паплечнікаў, забітых з нянавісці да веры ў 1936 годзе; японскага свецкага верніка Юста Такаямы Укона, які нарадзіўся каля 1552-1553 года і быў забіты за веру 3 лютага 1615 года.

Папа таксама ўхваліў дэкрэты аб прызнанні гераічнасці цнотаў двух італьянцаў: капуцына Арсеніа Трыгольскага, заснавальніка кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Панны Марыі Суцяшальніцы, які нарадзіўся 13 чэрвеня 1849 года і памёр 10 снежня 1909 года, а таксама верніцы з Францішканскага ордэна свецкіх Марыі Луізы ад Найсвяцейшага Сакрамэнту, заснавальніцы Інстытута Сясцёр Адаратак Святога Крыжа, якая нарадзілася 16 лютага 1826 года і памерла 3 верасня 1886 года.








All the contents on this site are copyrighted ©.