2016-01-21 15:37:00

Святы Айцец: гасціннасць – вызначальная для евангелізацыі


Папа Францішак прыняў на аўдыенцыі супрацоўнікаў пілігрымковых агенцтваў і рэктараў санктуарыяў. Спатканне прайшло ў рамках святкавання Юбілейнага Году Міласэрнасці.  Пантыфік нагадаў пра тое, што пілігрымкі з’яўляюцца “сапраўднай формай евангелізацыі”, якую трэба адпаведна цаніць і падтрымліваць.

Паводле яго, памылкова лічыць, што пілігрымкі да санктуарыяў тычацца толькі “масавай”, а не асабістай духоўнасці. “На самой справе, пілігрым нясе з сабой уласную гісторыю, веру, бляскі і цені ўласнага жыцця. Кожны нясе ў сэрцы асаблівую інтэнцыю і малітву”, - дадаў Папа.

Францішак перакананы, што санктуарыі з’яўляюцца прывелеяванымі месцамі для сустрэчы з Панам і Яго міласэрнасцю, у чым асаблівым чынам дапамагае споведзь. Ён пажадаў, каб у санктуарыях вернікі адчувалі сябе, як дома – дзе іх прымаюць, разумеюць, падтрымліваюць.

Ад гэтага шмат залежыць. Прыём павінен быць цёплым, святочным, сардэчным і цярплівым, нагадаў ён. Гасціннасць – вызначальная для евангелізацыі. Часам дастаткова добрага слова і ўсмешкі, каб асоба адчула сябе прынятай, асабліва калі гаворка ідзе пра пілігрымаў, стомленных доўгім шляхам. Гэтых людзей трэба прымаць як найлепш, як з пункту гледжання матэрыяльнага, так і духоўнага, заклікаў Святы Айцец.

Папа пажадаў, каб святары, якія спавядаюць у санктуарыях, ставіліся да пэнітэнтаў з міласэрнасцю. “Перажывем з верай і радасцю гэты Юбілей. Перажывем яго, як адну вялікую пілігрымку”, - заклікаў удзельнікаў спаткання Пантыфік.  








All the contents on this site are copyrighted ©.