2016-01-20 12:01:00

Францішак: дзяленне міласэрнасцю – агульная місія хрысціян


Падчас агульнай аўдыенцыі у Ватыкане 20 студзеня 2016 г. папа Францішак казаў аб асаблівасцях сёлетняга Тыдня малітваў аб еднасці хрысціян, які праходзіць 18-25 студзеня. Пантыфік пахіліўся над ўрыўкам з Першага паслання св. Пятра, які быў абраны для разважання экуменічнай групай з Латвіі, што рыхтавала тэксты для сёлетняга “экуменічнага” Тыдня: “Вы ж – выбраны род, каралеўскае святарства, народ святы, люд, узяты Богам ва ўласнасць, каб абвяшчаць цноты таго, хто паклікаў вас з цемры ў цудоўнае сваё святло; калісьці не народ, а цяпер народ Божы; калісьці вы не былі памілаваныя, а цяпер памілаваныя.” (1 Пт 2, 9-10).

“У цэнтры лютэранскай катэдры ў Рызе знаходзіцца хрысцільня, якая адносіцца да ХІІ стагоддзя, часу, калі Латвія была евангелізавана святым Мэйнардам. Яна з’яўляецца красамоўным знакам пачатку веры, які прызнаецца ўсімі хрысціянамі Латвіі: католікамі, лютэранамі і праваслаўнымі. Гэтым пачаткам з’яўляецца наш супольны хрост. Другі Ватыканскі Сабор сцвярджае, што “хрост стварае сакрамэнтальны вузел еднасці, які трывае паміж усімі, хто быў адроджаны ў ім”. Першае Пасланне св. Пятра скіравана да першага пакалення хрысціян, каб учыніць іх свядомымі дару, атрыманага з хростам, і патрабаванняў, якія ён нясе за сабой. Таксама і мы, на працягу гэтага Тыдня запрошаны адкрыць усё гэта і рабіць гэта разам, пераўзыходзячы нашы падзелы”, - сказаў Папа.

Паводле Святога Айца, супольны хрост азначае, што “усе мы з’яўляемся грэшнікамі і маем патрэбу ў тым, каб быць збаўленымі, адкупленымі, вызваленымі ад зла”. Гэты негатыўны аспект, першае Пасланне св. Пятра называе “цемрай”, нагадаў Пантыфік.

“Гэта з’яўляецца досведам смерці, які Хрыстус прыняў на сябе і які ў хросце сімвалізуецца пагружэннем у ваду, пасля чаго наступае выйсце з вады – сімвал уваскрасення да новага жыцця ў Хрысце. Калі мы хрысціяне кажам, што маем супольны хрост, то сцвярджаем, што ўсе мы – католікі, пратэстанты і праваслаўныя – раздзяляем досвед паклікання з бязлітаснай і далёкай цемры да сустрэчы з жывым Богам, поўным міласэрнасці. Нажаль, мы ўсе адчуваем эгаізм, які нараджае падзелы, закрытасць і пагарду. Пачынаць са святога хросту, азначае знайсці крыніцу міласэрнасці, крыніцу надзеі для ўсіх, каб ніхто не быў выключаны з Божай Міласэрнасці”, - лічыць Папа.

Францішак перакананы, што супольнае перажыванне гэтай ласкі стварае непарыўную сувязь паміж хрысціянам, якія, у сілу хросту, могуць лічыць сябе па-сапраўднаму братамі. 

“Мы сапраўды святы Божы народ, нават калі, па прычыне нашых грахоў, яшчэ не з’яўляемся народам цалкам паяднаным. Божая Міласэрнасць, якая дзейнічае ў хросце, мацнейшая за нашы падзелы. Па меры таго, наколькі мы прымаем ласку міласэрнасці, мы ўсё больш і больш становімся народам Бога, людзьмі, здольнымі абвяшчаць усім Яго цудоўныя справы, пачынаючы з простага і братэрскага сведчання аб адзінстве. Мы, хрысціяне, можам абвяшчаць усім сілу Евангелля, беручы на сябе абавязак супольнага здзяйснення спраў міласэрнасці для цела і для душы бліжняга. Гэта канкрэтнае сведчанне адзінства”, - падкрэсліў Святы Айцец.

Напрыканцы сваёй катэхезы Папа нагадаў, што і католікі, і праваслаўныя, і пратэстанты маюць агульную місію – дзяліцца атрыманай міласэрнасцю з іншымі, пачынаючы ад самых бедных і пакінутых. Францішак заклікаў маліцца аб супрацоўніцтве паміж хрысціянамі ў справе распаўсюджвання Божай міласэрнасці ў свеце.  








All the contents on this site are copyrighted ©.