2016-01-19 14:15:00

Папа: няма святога без мінулага, і грэшніка без будучыні


Бог не абмяжоўваецца знешнім, Ён бачыць сэрца чалавека, нагадаў Папа 19 студзеня 2016 г. падчас ранішняй св. Імшы ў Ватыкане. Каментуючы першае літургічнае чытанне (1 Сам 16, 1-13), якое распавядае пра намашчэнне Давіда на караля Ізраэля замест Саўла, ён адзначыў, што нават у жыцці святых ёсць спакусы і грахі, а перад грэшнікам адкрытая будучыня.

Францішак нагадаў, што Бог адкінуў Саўла, таму што яго сэрца было закрытым і непаслухмяным. Выбар Давіда быў далёкі ад чалавечых стандартаў, бо Бог не звяртае ўвагі на знешняе – Ён “заглядае ў сэрца”. Давід быў святым, але стаў ім пасля доўгага шляху навяртання. “Святы і грэшнік. Чалавек, які ўдала спалучыў валадаранне і ўменне весці народ Ізраэля. Але ён меў спакусы... у яго былі свае грахі: ён быў забойцам. (…) Але калі Бог паслаў прарока Натана, каб указаць яму на грэх, бо не разумеў варварства, якое загадаў зрабіць, ён прызнаўся, я зграшыў, і папрасіў прабачэння”, - нагадаў Францішак.

Давід ніколі не выкарыстоўваў Бога для сваіх інтарэсаў, звярнуў увагу Папа, пра што сведчыць факт яго ўцёкаў з Ерузалема, калі не выкарыстаў Бога для сваёй абароны, і сітуацыя, калі ў яго была магчымасць забіць Саўла, і ён не зрабіў гэтага. Ён быў вялікім грэшнікам, які раскаяўся. “Мяне ўражвае жыццё гэтага чалавека, якое прымушае задумацца і аб нашым жыцці”, - прызнаўся Францішак.

“Мы ўсе былі абраныя Панам праз хрост, каб быць членамі Яго народа, каб быць святымі”, - сказаў Пантыфік. Спасылаючыся на жыццё Давіда, ён падкрэсліў, што няма святога без мінулага, і грэшніка без будучыні.








All the contents on this site are copyrighted ©.