2016-01-19 12:21:00

Кардынал Дзяржсакратар прыняў удзел у эканамічным форуме


З пачатку пантыфікату Францішак ясна заяўляе аб сур’ёзных наступствах абыякавасці і адсутнасці адказнасці ў палітыцы і эканоміцы. Ён заклікае да стварэння новых палітычна-эканамічных адносін без выключэння і няроўнасці. Запрашае багатых і бедных, магутных гэтага свету і просты народ, палітыкаў і прадпрымальнікаў паставіць творчую сілу чалавечага розуму на службу агульнаму дабру, у духу салідарнасці. Аб гэтым нагадаў кардына Пьетра Паралін 18 студзеня 2016 г., выступаючы на форуме, арганізаваным у Рыме аўстралійскай “Global Foundation”.

Дзяржсакратар Яго Святасці нагадаў таксама думку Святога Айца, што справядлівае размеркаванне багаццяў, паважлівае стаўленне да прыродных рэсурсаў, правільнае прымяненне тэхналогій з’яўляюцца найважнейшымі элементамі эканомікі – сучаснай, усёабдымнай і ўстойлівай.

Іерарх спаслаўся на тэму рымскага форума: “Адмова ад глабалізацыі абыякавасці – мабілізацыя для больш інклюзіўнай і ўстойлівай сусветнай эканомікі”, і пажадаў, каб ён стаў важнай прасторай для пошуку адказаў на самыя важныя праблемы сучаснасці, уключаючы дэградацыю навакольнага асяроддзя і выключэнне.

“Global Foundation” пазіцыянуе сябе, як “арганізацыя грамадзянскай супольнасці”, створаная для садзейнічання ўдзелу і дыялогу ў мэтах пашырэння ўзаемаразумення, гармоніі, добрай волі і братэрства ў інтарэсах доўгатэрміновага ўстойлівага развіцця і міжнароднага ўзаемадзеяння. Штаб-кватэра Фонду знаходзіцца ў аўстралійскім Мельбурне.








All the contents on this site are copyrighted ©.