2016-01-18 15:45:00

Францішак прыняў княжацкую пару з Манака


Святы Айцец Францішак сустрэўся 18 студзеня 2016 г. з Князем Манака Альберам II і яго жонкай Шарлін. Княжацкая пара таксама правяла спатканне з Дзяржаўным сакратаром Яго Святасці, кардыналам Пьетра Паралінам.

Размовы былі сканцэнтраваны вакол тэм, звязаных з аховай навакольнага асяроддзя, дапамогай мігрантам, а таксама палітычнай сітуацыя ў Міжземнамор’і, на Блізкім і Сярэднім Усходзе.

Раней княжацкая пара была з візітам у Ватыкане 12 студзеня 2013 г. Тады адбылася іх сустрэча з Бэнэдыктам XVI. У 2012 г. планавалася яго падарожжа ў Манака, якое ў рэшце рэшт не было здзейснена.

Альбер II і Шарлін, якая ў 2011 г. перайшла з пратэстантызму ў каталіцызм, таксама прысутнічалі на інаўгурацыі пантыфікату Францішка 19 сакавіка 2013 г.

Трэба адзначыць, што два дні таму Папа прызначыў новага Апостальскага нунцыя ў Манака. Ім стаў арцыбіскуп Луіджы Пэцута, які з 2012 г. з’яўляецца дыпламатычным прадстаўніком Святога Пасаду ў Босніі і Герцагавіне, а таксама ў Чарнагорыі.








All the contents on this site are copyrighted ©.