2016-01-14 12:18:00

Францішак: вера змяняе паразу ў перамогу


Вера перамагае заўсёды, таму што змяняе паразу ў перамогу, адзначыў папа Францішак 14 студзеня 2016 г. падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане. Святы Айцец пачаў сваю гамілію са спасылкі на літургічнае чытанне з Першай кнігі Самуэля, якое распавядае пра “вельмі вялікую паразу” выбранага народа ад філістымлянаў, у выніку якога ізраільцяне згубілі ўсё, “нават годнасць”. 

На думку Папы, прычына гэтага была ў тым, што выбраны народ “паступова аддаліўся да Пана, жыў марна”, пакланяўся ідалам. Юдэі наведвалі святыя месцы ў якасці “культурнага звычаю”, але згубіў сыноўскія адносіны з Богам, не аддавалі Яму пашаны. Яны пачалі выкарыстоўваць Каўчэг запавету на падабенства магічнага сродку. А ў Каўчэгу быў закон, якога яны не прытрымліваліся і ад якога аддаліліся. Выбраны народ забыўся пра Бога, Які іх збавіў. Вынікам гэтага стала поўная параза. “Народ, які аддаляецца ад Бога, заканчвае так”, - сказаў Пантыфік. 

У якасці процілеглага прыкладу, гісторыі перамогі, Францішак прывёў евангельскую сцэну пра пракажонага, якога аздаравіў Езус. Ён быў тым, хто пацярпеў паразу ў жыцці, быў ізаляваны ад грамадства, але даверыўся Пану, каб той, перамяніў гэту паразу ў перамогу. Пракажоны ўпаў на калені і прасіў Езуса: “Калі хочаш, можаш мяне ачысціць”. Той злітаваўся над ім, дакрануўся да яго і сказаў: “Хачу, будзь ачышчаны”. І адразу праказа сышла з яго, і ён стаў чысты. “Вось так проста: гэта бітва закончылася перамогай за дзве хвіліны, а тая іншая, якая працягвалася цэлы дзень, закончылася паразай”, - нагадаў Пантыфік. 

Розніца ў гэтых двух сітуацыях, паводле Папы, заключаецца ў тым, што пракажоны меў веру, з дапамогай якой можна нават горы пераносіць. Вера – гэта перамога, сказаў ён. Божы народ маліўся, насіў Каўчэг запавету, але не меў веры. Напрыканцы гаміліі Францішак заўважыў, што веры немагчыма навучыцца з кніг, бо яна з’яўляецца дарам Бога, і заклікаў вернікаў заўсёды прасіць аб гэтым дары.








All the contents on this site are copyrighted ©.