2016-01-14 13:48:00

Папа запрасіў моладзь на святкаванне Юбілею Міласэрнасці


Папа Францішак запрасіў моладзь прыбыць у Ватыкан 23-25 красавіка 2016 г. на святкаванне Юбілею Міласэрнасці. Святы Айцец скіраваў спецыяльнае пасланне, у якім заўважыў, што сустрэча можа стаць цудоўнай нагодай для таго, каб адкрыць прыгажосць жыцця. Ён выказаў жаданне перажыць з моладдзю некалькі дзён малітвы і святкавання.  

Папа нагадаў дэвіз Юбілею моладзі: “Станавіцца ўсё больш міласэрнымі, як Айцец”. Гэта азначае вучыцца быць мужнымі ў канкрэтнай і бескарыслівай любові, станавіцца вялікімі, як фізічна, так і духоўна, здольнымі на адважныя рашэнні і будаўніцтва мірнага свету, патлумачыў ён.

Францішак заўважыў, што маладосць – гэта такі перыяд у жыцці чалавека, калі ўсё здаецца магчымым і, адначасова, немагчымым. “Трывала ідзіце шляхам веры ў непарушнай надзеі на Пана. У гэтым таямніца вашага вандравання! Ён дасць вам адвагу ісці супраць плыні”, - запэўніў Святы Айцец і заклікаў моладзь прасіць у Бога аб дары мужнасці для рэалізацыі вялікіх спраў. “Мы хрысціяне былі выбраны Панам не для малых рэчаў, ідзіце заўсёды наперад, да вялікіх спраў. Прысвяціце сваё жыццё вялікім ідэалам!”, - заклікаў Святы Айцец.

Папа асаблівым чынам звярнуўся да маладых людзей, якія жывуць ва ўмовах вайны, крайняй галечы, штодзённых цяжкасцяў і пакінутасці. Ён заахвоціў іх не губляць надзеі. “Не верце словам нянавісці і тэрору, якія часта гучаць, але заводзьце новыя сяброўствы. Ахвяруйце сваім часам, заўсёды клапаціцеся пра тых, хто просіць у вас дапамогі. Будзь адважнымі і ідзіце супраць плыні, будзьце сябрамі Езуса, Які з’яўляецца Князем спакою”, - напісаў Папа.

Францішак заклікаў да святкавання Юбілею моладзі таксама і на ўзроўні мясцовых Касцёлаў, а юнакам і дзяўчатам пажадаў падрыхтаваць, перш за ўсе,  не заплечнікі і транспаранты, але сэрцы і галовы.   








All the contents on this site are copyrighted ©.