2016-01-12 14:17:00

Францішак: Касцёл змяняюць не духавенства, а святыя


Аб важнасці малітвы, якая чыніць цуды і прадухіляе цвёрдасць сэрца, казаў Пантыфік 12 студзеня 2016 г. падчас ранішняй Эўхарыстыі ў капліцы Дому св. Марты. “Малітва вернікаў змяняе Касцёл: гэта не мы – Папы, біскупы, святары, сёстры законныя – ажыццяўляем развіццё Касцёла, але святыя”, - сказаў Францішак. Ён засяродзіў сваю гамілію на літургічным чытанні з першага раздзелу Першай кнігі Самуэля, якое кажа пра гарачую малітву Ганны, што прасіла Бога пра нашчадка, і назіраючага за гэтым святара Элію.

Пантыфік нагадаў, што ў гэтым біблійным урыўку мы спачатку чуем першыя словы малітвы Ганны, а затым думкі святара, які, не будучы ў стане чуць малітвы, думаў, што жанчына п’яная. Але гэты адчайны крык дасягнуў Бога, Які, як мы ведаем, учыніў цуд.

“Ганна малілася ў сваім сэрцы, рухаліся толькі яе вусны, голас не быў чутны. Гэта мужнасць жанчыны веры, якая са сваім горам, са слязамі, просіць Пана аб ласцы. Ёсць шмат такіх жанчын у Касцёле, якія моляцца, як быццам гэта заклад! Узгадаем вялікую св. Моніку, якая сваімі слёзамі выпрасіла ласку навяртання для свайго сына св. Аўгустына. Ёсць шмат такіх жанчын”, - звярнуў увагу Папа.

Францішак не хаваў таго факту, што адносна Эліі адчувае пэўную сімпатыю, бо і ў яго ёсць падобныя недахопы. Мы вельмі лёгка асуджаем людзей, не думаючы пра тое, што ў іх сэрцы. “Калі ў сэрцы не хапае спагады, мы заўсёды дрэнна думаем пра іншых і не разумеем тых, хто моліцца з болем і пакутамі, давяраючы гэты боль і пакуты Богу”, - адзначыў Святы Айцец.

“Гэтую малітву зведаў Езус у Гефсіманскім садзе, калі было шмат пакут і болю, калі на Ім з’явіўся крывавы пот. Але Ён ні ў чым не скардзіўся на Айца, толькі маліўся: “Ойча, калі Ты жадаеш, адхілі ад Мяне гэты келіх. Але не Мая воля, 
а Твая няхай станецца” (Лк 22, 42). Езус адказаў, як гэтая жанчына – спагадліва. Часам мы молімся, просім Бога, але шмат разоў мы не ўмеем прыйсці да гэтай барацьбы з Панам, да слёз, каб прасіць літасці”, - заўважыў Францішак.

Ён узгадаў гісторыю аднаго чалавека з Буэнас-Айрэса, чыя паміраючая 9-гадовая дачка трапіла ў шпіталь. Уначы ён пайшоў да Маці Божай з Лухан і правёў усю ноч у малітве каля брамы святыні, просячы аб ласцы аздараўлення. І на наступную раніцу, вярнуўшыся ў шпіталь, ён знайшоў сваю дачку здаровай.

Пантыфік падкрэсліў, што Касцёл змяняюць простыя святыя людзі, як біблійная Ганна. “Святыя – гэта людзі, якія маюць смеласць верыць, што Бог – гэта Пан, і што Ён можа зрабіць усё”, - завяршыў сваю гамілію Францішак.








All the contents on this site are copyrighted ©.