2016-01-11 12:11:00

Пантыфік да дыпламатаў пра абыякавасць у палітыцы


Тэма міру чарговы раз стала цэнтральнай падчас спаткання папы Францішка з дыпламатычным корпусам, акрэдытаваным пры Святым Пасадзе. Ён прыняў дыпламатаў на аўдыенцыі, якая па традыцыі штогадова праходзіць хутка пасля святаў Божага Нараджэння. Падчас сваёй доўгай і ўсёабдымнай прамовы, якая прагучала 11 студзеня 2016 г. у “Sala Regia” Апостальскага палацу, Пантыфік падкрэсліў, што Апостальская Сталіца на дыпламатычным узроўні “ніколі не перастане працаваць над тым, каб голас міру быў пачуты на краі свету”. Ён выказаў спадзяванне, што ў гэтым годзе “халодная абыякавасць”, якая жыве ў сэрцах многіх людзей, будзе пераможана цяплом і міласэрнасцю.

Папа ўзгадаў намаганні Святога Пасаду па пашырэнні рэлігійнай свабоды, узаемапавагі і мірнага суіснавання рэлігій. Гэтаму паспрыялі многія двухбаковыя пагадненні, заключаныя ў 2015 г. Ён узгадаў свае замежныя падарожжы, перш за ўсё, у Цэнтральнаафрыканскую Рэспубліку. Міласэрнасць, - патлумачыў Францішак - стала цэнтральнай тэмай апостальскіх падарожжаў мінулага года. Тут ён узгадаў візіт у Сараева, у частку Еўропы, якая шукае новага спосабу зносін, а таксама паездкі ў Паўднёвую Амерыку, на Кубу і ў ЗША, якія адбыліся ў імя грамадскага прымірэння і збліжэння.

Пантыфік звярнуў увагу дыпламатаў, што сацыяльнае развіццё не можа абысціся без глыбокай увагі да сям’і, якую ён называў “першай і самай важнай школай міласэрнасці” і братэрства. Дух індывідуалізму, у падставе якога ляжыць абыякавасць у адносінах да іншых, у канчатковым выніку робіць людзей цынічнымі. 

У гэтым кантэксце Францішак заклікаў памятаць пра мігрантаў. Менавіта гэтаму выкліку ён прысвяціў большую частку сваёй прамовы, спасылаючыся на шматлікія біблійныя эпізоды, якія распавядаюць пра клопаты, жаданні і надзеі чалавецтва, якое заўсёды было ў дарозе.

Папа прыгадаў прычыны, па якіх мігранты пакідаюць сваю зямлю і шукаюць прытулку ў іншых краінах. Тут і ўзброеныя канфлікты, і пераслед, і голад. Трагедыі самых бездапаможных прадстаўнікоў чалавецтва па-ранейшаму з’яўляюцца вынікам “культуры адходаў” і “высакамернасці магутных гэтага свету”. Адсюль заклік Папы да сусветных лідэраў, спыніць гандаль людзьмі.

Пытанне міграцыі з’яўляецца складаным і патрабуе доўгатэрміновых праектаў, якія выходзяць за рамкі логікі надзвычайнай сітуацыі, выказаў думку Пантыфік. Канешне, гэта вялікі выклік для Еўропы, які нясе з сабой праблемы ў выглядзе, напрыклад, пагрозы распаўсюджання міжнароднага тэрарызму, але, тым не менш, Папа перакананы, што Стары Кантынент “мае сродкі, каб абараніць цэнтральную ролю чалавечай асобы і знайсці правільны баланс паміж падвойным маральным абавязкам па абароне правоў сваіх грамадзян і забяспечэнні дапамогі і прыёму мігрантаў”.

Францішак выказаў асабістую падзяку тым міжнародным арганізацыям і дзяржавам, якія адказна і сардэчна паставіліся да бежанцаў і мігрантаў. Тут былі ўзнаданы Банк развіцця і Савет Еўропы; Ліван і Іарданія, якія гістарычна прымаюць бежанцаў з суседніх краін, а таксама Італія, Грэцыя і Турцыя, як краіны, якія прынялі на сябе найбольшую хвалю ўцекачоў. 

Папа падкрэсліў, што сучасная міграцыя не церпіць “індывідуалістычных рашэнняў”; яна стане “краевугольным каменем будучага свету”, прычым, у значна большай ступені, чым да гэтага часу. Ключом да забеспячэння, што экстрэмізм і фундаменталізм не знойдуць добрай глебы для развіцця, з’яўляецца здольнасць да прыняцця, інтэграцыі, павагі і ўзаемаразумення.

Пантыфік завяршыў сваю прамову да дыпламатаў на пазітыўнай ноце. Ён узгадаў станоўчыя міжнародныя падзеі мінулага года: пагадненне па іранскай ядзернай праблеме і працэс, які можа прывесці да глабальнай дамовы па клімаце. Хоць шматлікія праблемы застаюцца нявырашанымі для свету: напружанасць у Персідскім заліве, паўночнакарэйская ядзерная пагроза, міжнародны тэрарызм, бясконцыя канфлікты на Блізкім Усходзе. Усё гэта, на думку Францішка, можна вырашыць адмовіўшыся ад абыякавасці.








All the contents on this site are copyrighted ©.