2016-01-10 14:32:00

Папа даў “хатняе заданне” вернікам даведацца дату хросту


Папа даў “хатняе заданне” вернікам, сабраным 10 студзеня 2016 г. на плошчы св. Пятра. Падчас сваіх разважанняў перад малітвай “Анёл Панскі”, спасылаючыся на свята Хросту Пана, Францішак папарасіў іх узгадаць або даведацца дату свайго хросту. 

“У гэтую нядзелю, пасля ўрачыстасці Аб’яўлення Пана, мы святкуем свята Хросту Езуса і з удзячнасцю ўспамінаем свой уласны хрост. У гэтым кантэксце, сёння раніцай я ахрысціў 26 немаўлят: будзем маліцца за іх! - заклікаў Папа. -Евангелле прадстаўляе нам Езуса ў водах Ярдана падчас надзвычайнага Божага Аб’яўлення. Св. Лука піша так: “І сталася, калі хрысціўся ўвесь народ, і калі Езус, атрымаўшы хрост, маліўся, раскрылася неба, і Дух Святы ў цялесным выглядзе, як голуб, сышоў на Яго, і быў голас з неба, які прамовіў: Ты Сын Мой умілаваны, Цябе ўпадабаў Я” (Лк 3, 21-22). Такім чынам, Езус быў асвечаны і аб’яўлены Айцом як Месія, збаўца і вызваліцель.

У гэтай падзеі – засведчанай усімі чатырма Евангеллямі – споўніўся пераход ад хросту Яна Хрысціцеля, заснаванага на сімвале вады, да хросту Езуса “Духам Святым і агнём” (Лк 3, 16). У хрысціянскім хросце менавіта Дух Святы з’яўляецца галоўным архітэктарам: гэта Ён спальвае і знішчае першародны грэх, вяртаючы ахрышчанаму прыгажосць Божай ласкі; гэта Ён вызваляе нас ад улады цемры, што значыць граху, і прыводзіць у Валадарства святла – любові, ісціны – Валадарства святла. Давайце падумаем, да якой годнасці ўзносіць нас хрост! “Паглядзіце, якую любоў даў нам Айцец, каб мы называліся дзецьмі Божымі, і мы з’яўляемся імі!” (1 Ян 3, 1) – усклікае апостал Ян. Гэта выдатная рэчаіснасць быцця Божымі дзецьмі вядзе за сабой адказнасць, ісці за Езусам, пакорным Слугой, і адкрыць у сабе Яго рысы: лагоднасць, пакору і далікатны клопат. І гэта не лёгка, асабліва, калі вакол нас так шмат нецярпімасці, пыхі, упартасці. Але з сілай, што зыходзіць ад Святога Духа, гэта магчыма!

Дух Святы, атрыманы ўпершыню ў дзень хросту, адкрывае нашы сэрцы да Ісціны, ўсёй Ісціны. Дух вядзе наша жыццё да ўваходу на адказны, але радасны шлях любові і салідарнасці ў адносінах да нашых братоў і сясцёр. Дух дае нам адчувальнасць чароўнага прабачэння і пранікае нас непераможнай сілай міласэрнасці Айца. Давайце не будзем забывацца, што Дух Святы з’яўляецца жывой і жыватворнай прысутнасцю у тым, хто Яго атрымлівае, Ён моліцца ў нас і напаўняе нас духоўнай радасцю.

Сёння, у свята Хросту Пана, давайце падумаем пра дзень нашага хросту. Мы ўсе былі ахрышчаны; будзем дзякаваць за гэты дар. І я хачу задаць вам адно пытанне: хто з вас ведае, дату свайго хросту? Вядома, не ўсе. Таму, я запрашаю вас пашукаць гэту дату, пытаючыся, напрыклад, сваіх бацькоў, бабуль і дзядуляў, хросных ці звярнуўшыся ў парафію. Важна ведаць, калі гэта адбылося, таму што гэты дзень, які павінен святкавацца, гэта дата нашага адраджэння, як Божых дзяцей. Таму ў вас ёсць хатняе заданне на гэты тыдзень: пайсці і пашукаць дату свайго хросту. Святкаванне гэтага дня з’яўляецца пацвярджэннем нашай прыхільнасці да Езуса, разам з абавязацельствам жыць па-хрысціянску, як члены Касцёла і новага чалавецтва, у якім усе з’яўляюцца братамі.

Няхай Дзева Марыя – першая вучаніца свайго Сына Езуса – дапаможа нам перажываць з радасцю і апостальскім запалам наш хрост, прымаючы кожны дзень дар Духа Святога, Які робіць нас Божымі дзецьмі”, - сказаў Пантыфік падчас сваіх разважанняў перад “Анёл Панскі”

Пасля марыйнай малітвы Францішак удзяліў сваё асаблівае благаслаўленне ўсім дзецям, якія былі ахрышчаны ў апошні час, а таксама новаахрышчаным дарослым.








All the contents on this site are copyrighted ©.