2016-01-10 12:26:00

Пантыфік удзяліў сакрамэнт хросту 26 дзецям


У адпаведнасці з шматгатовым звычаем, у свята Хросту Пана, якое адзначаецца сёлета 10 студзеня, Папа ўдзяліў у Сікстынскай капэле сакрамэнт хросту 13 дзяўчынкам і 13 хлопчыкам. Сярод іх быў сын супрацоўніка Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё Арвід Панчанка. Гэта адбылося падчас св. Імшы, якую ўзначаліў сам Францішак.

Святы Айцец адзначыў у сваёй гаміліі, што, як праз 40 дзён пасля нараджэння, Марыя і Юзаф прынеслі немаўля Езуса ў святыню, каб ахвяраваць Яго Богу, так і сённяшнія бацькі прынеслі сваіх дзяцей, просячы для іх аб хросце, і такім чынам, аб веры. Яны жадаюць пераказаць сваім нашчадкам веру, якая перадаецца з пакалення ў пакаленне, як ланцуг, на працягу стагоддзяў. Гэтыя дзеці, у сваю чаргу, калі вырастуць, самі будуць прасіць таго ж: веры, якую дае нам хрост, для сваіх дзяцей, або ўнукаў прысутных сёння ў Сікстынскай капэле бацькоў. Менавіта так перадаецца вера, заўважыў Францішак.

Ён адзначаў, што Касцёл, перадаючы бацькам свечку падчас хросту, даручае ім ахоўваць веру сваіх дзяцей. “Не забывайцеся, што найвялікшай каштоўнасцю, якую вы можаце даць вашым дзецям, з’яўляецца вера, клопат аб тым, каб яны не страцілі яе, каб яна развівалася. Гэта тое, што я хачу сёння пажадаць у гэты радасны для вас дзень, каб вы былі ў стане забяспечыць, каб вашыя дзеці раслі ў веры, каб менавіта вера была найвялікшай спадчынай, якую яны атрымліваюць”, - сказаў Папа.

І – як і ў папярэднія гады, – Францішак дадаў, што калі хтосьці з дзяцей заплача па прычыне голаду, маці павінна пакарміць яго не бянтэжачыся.

Разам з Пантыфікам св. Імшу канцэлебравалі прэфект Папскага дома, арцыбіскуп Георг Генсвайн, і Папскі элемазінарый, арцыбіскуп Конрад Краеўскі.

Да гэтага часу, у свята Хросту Пана, з улікам сённяшняга дня, Францішак удзяліў хрост 91 дзіцяці; а яго папярэднікі Бэнэдыкт XVI і Ян Павел II ахрысцілі адпаведна 120 і 687 дзяцей. Акрамя таго, і Бэнэдыкт XVI, і Ян Павел II удзялялі гэты сакрамэнт дарослым і дзецям падлеткавага ўзросту штогод падчас Пасхальнай Вігіліі.








All the contents on this site are copyrighted ©.