2016-01-09 15:35:00

Епіскапат ЗША за абмежаванне доступу да зброі


Біскупы ЗША станоўча ацанілі пакет законаў, уведзеных Прэзідэнтам краіны Баракам Абамам, якія адносяцца да абмежавання насілля, звязанага з ужываннем агнястрэльнай зброі. Гэтыя палажэнні, аднак, не парушаюць другой папраўкі да Канстытуцыі ЗША, якая прызнае права амерыканцаў на нашэнне зброі. Яны павінны ўскладніць яе набыццё некаторымі асобамі, напрыклад, з псіхічнымі захворваннямі.

“Хоць ніводная мера не ліквідуе ўсіх актаў насілля, здзейсненых з ужываннем агнястрэльнай зброі, мы вітаем намаганні па абароне жыцця і гарантаванні большай бяспекі нашым супольнасцям”, - сказаў арцыбіскуп Томас Джэрард Венскі. Старшыня камісіі амерыканскага епіскапату, якая займаецца справядлівасцю і чалавечым развіццём, выказаў свае спадзяванні, што Кангрэс уздыме гэтую праблему больш рашуча, прымаючы пад увагу ўсе яе аспекты.

Па дадзеных даследаванняў з 2013 г. 62% католікаў у ЗША выказваюцца на карысць большага кантролю над доступам да зброі. Кожны год ад яе выкарыстання гіне ў гэтай краіне больш за 30 тыс. чалавек.








All the contents on this site are copyrighted ©.