2016-01-09 12:08:00

Год Міласэрнасці: мільён асоб здзейснілі пілігрымку ў Рым


З моманту адкрыцця Святога Года месяц таму больш за мільён чалавек здзейснілі пілігрымку ў Рым. На сённяшні дзень, гэта 1 025 000 вернікаў з усяго свету, паведаміў арцыбіскуп Рына Фізікела, старшыня Папскай рады па новай евангелізацыі, галоўнага арганізатара Юбілею Міласэрнасці, у артыкуле на старонках сённяшняй “L’Osservatore Romano”.

Кіраўнік ватыканскай дыкастэрыі падтрымаў увядзенне больш сур’ёзных мер бяспекі ў італьянскай сталіцы. Менавіта яны паспрыялі спакойнаму святкаванню ўрачыстасцяў Божага Нараджэння ў Вечным Горадзе і дапамогуць пілігрымам адчуваць сябе бяспечна падчас мерапрыемстваў Святога Года.

Эксперты лічаць, што ў Рым на святкаванні, звязаныя з Годам Міласэрнасці прыедуць 33 млн. пілігрымаў і турыстаў. Гэта ў некалькі разоў больш, чым звычайна, штогод Вечны Горад наведваюць 8-9 млн. гасцей з усяго свету.

Францішак адкрыў Юбілейны Год Міласэрнасці 8 снежня 2015 г., калі расчыніў Святыя Дзверы ватыканскай базылікі. Пазней яны былі адчынены і ў іншых трох папскіх базыліках. Праходжанне праз Святыя Дзверы з’яўляецца адным з асноўных паломніцкіх абрадаў падчас Святога Года і звязана з атрыманнем адпуста.








All the contents on this site are copyrighted ©.