2016-01-07 15:51:00

Рымскі рабін: яўрэі з задавальненнем паціснуць руку Папы


Сведчаннем бесперапыннасці юдэйска-каталіцкага дыялогу назваў галоўны рабін Рыма візіт папы Францішка ў Вялікую сінагогу Вечнага горада, запланаваны на 17 студзеня 2016 г. Раней яе наведалі два іншых Папы: Ян Павел II і Бэнэдыкт XVI.

У інтэрв’ю італьянскай „Corriere della Sera” Рыкарда Дзі Сэньі нагадаў, што з моманту абрання кардынала Хорхэ Берголіа Біскупам Рыма адбылося ўжо некалькі іх сустрэч. Хутка зайшла гаворка і пра магчымасць візіту Францішка ў сінагозе. Хоць гэта не разглядалася як нешта тэрміновае, жаданне выказвалі абодва бакі.

Адказваючы на пытанне, ці прадметам іх размоў з Папам з’яўляецца тэалогія, рабін прызнаўся, што гаворка, галоўным чынам, ідзе аб практычных пытаннях бачання свету і гісторыі. Паколькі Францішак з’яўляецца езуітам, аднойчы яны размаўлялі пра першага пасля св. Ігнацыя Лаёлы генерала ордэна Дыега Лаінэсэ, які паходзіў з сям’і яўрэйскіх канвертытаў. Іншым разам размова зайшла пра св. Францішка Асізскага.

Калі яго спыталі аб тэлефонных размовах з Папам, рабін прызнаўся, што, хоць яны падтрымліваюць сяброўскія адносіны, ён дазваляе сабе тэлефанаваць у Ватыкан толькі па сапраўды важных справах. Напрыклад, гэта адбылося летам 2014 г., калі бацькі трох маладых яўрэйскіх мужчын, выкрадзеных пад Хеўронам палестынскімі тэрарыстамі папрасілі аб сустрэчы з Францішкам, і ён даў сваю згоду. Дзі Сэньі прызнаўся таксама, што аднойчы патэлефанаваў да Папы, каб перасцерагчы яго ад небяспекі выкарыстання негатыўнага адцення слова “фарысеі”, што той прыняў з разуменнем.

Па словах рабіна, візіт Яна Паўла II у рымскую сінагогу 30 гадоў таму стаў сапраўднай “рэвалюцыяй”. Другі візіт – Бэнэдыкта XVI, які меў асаблівыя адносіны з юдаізмам – быў “падкрэсленнем пераемнасці”. Дзі Сэньі прызнаўся, што яны з Папам на пенсіі перапісваюцца да гэтага часу, але не спатыкаліся пасля яго адстаўкі.

Рабін лічыць, што адрознай рысай візіту Францішка стане “пастырскі кантакт”, які той мае з людзьмі. Ён хоча непасрэдным чынам прывітаць максімальна магчымую колькасць асоб. І многія яўрэі з задавальненнем паціснуць яму руку. Гэта будзе яшчэ адзін этап гісторыі, лічыць дзі Сэньі. Ён адзначыў, што “свет кроваточыць сёння ў канфліктах, якія сілкуюцца рэлігіяй, што перажываецца як крыніца нянавісці, насілля і знішчэння”. “Наша сустрэча павінна перадаць супрацьлеглае пасланне: рэлігійную разнастайнасць як выраз суіснавання, як запрашэнне да супрацоўніцтва на карысць усіх”, - сказаў галоўны рабін Рыма.








All the contents on this site are copyrighted ©.