2016-01-06 15:06:00

Святы Айцец: Мудрацы вучаць не спыняцца на пасрэднасці


“Досвед Мудрацоў заклікае нас не спыняцца на пасрэднасці, на “вегетацыі”, але шукаць сэнсу рэчаў, горача пазнаваць вялікую таямніцу жыцця”, - сказаў Францішак 6 студзеня 2016 г. падчас разважанняў перад малітвай “Анёл Панскі” ў Ватыкане, ва ўрачыстасць Аб’яўлення Пана. Папа падкрэсліў, што, як і для Мудрацоў, для нас “пуцяводнай зоркай з’яўляецца Евангелле, Слова Пана”. “Не слухаючы Евангелля, не можна Яго сустрэць!”, - сказаў Святы Айцец.

Францішак адзначыў, што гісторыя Трох Мудрацоў дае ўрачыстасці Аб’яўлення Пана подых ўніверсальнасці. “І гэта подых Касцёла, які жадае, каб усе народы зямлі змаглі сустрэцца з Езусам і адчулі Яго любоў і міласэрнасць”, - сказаў Папа.

Ён нагадаў, што Мудрацы былі аўтарытэтнымі людзьмі з аддаленых рэгіёнаў і розных культур. “Касцёл заўсёды бачыў у іх вобраз усяго чалавецтва, і святкуючы Аб’яўленне Пана хоча паважліва весці кожнага мужчыну і кожную жанчыну гэтага свету да Дзіцяці, якое нарадзілася для збаўлення ўсіх”, - падкрэсліў ён.

Святы Айцец нагадаў, што Езус аб’явіў сябе пастухам, “пакорным і пагарджаным іншымі”. “Пастухі і Мудрацы вельмі адрозніваюцца адзін ад аднаго, але аб’ядноўвае іх адно – неба”, - падкрэсліў ён і дадаў: “Пастухі і Мудрацы вучаць нас, што для таго, каб сустрэць Езуса, трэба быць у стане ўзнесці вочы да неба, не замыкацца ў сабе, у сваім эгаізме, але мець сэрца і розум адкрытыя на перспектыву Бога, Які заўсёды здзіўляе нас, мець магчымасць прыняць Божае пасланне і адказаць на яго ахвотна і шчодра”.

Спасылаючыся на словы Евангелля: “Убачыўшы зорку, яны вельмі ўзрадаваліся” (Мц 2, 10), Пантыфік адзначыў, што “і для нас вялікае суцяшэннее – убачыць зорку, калі мы адчуваем, што нас вядуць і мы не пакінуты на волю лёсу”.

У заключэнне Францішак заклікаў: “Няхай Дзева Марыя, якая прыняла Мудрацоў у Бэтлееме, дапаможа нам узнесці нашы вочы над за сябе, каб дазволіць весці сябе зорцы Евангелля і сустрэцца з Езусам, умець прынізіць сябе, каб пакланіцца Яму. Такім чынам, мы зможам прынесці іншым прамень Яго святла, і падзяліць з імі радасць шляху”.








All the contents on this site are copyrighted ©.