2016-01-05 15:56:00

Міжнародная дэлегацыя біскупаў адправіцца ў Святую Зямлю


Міжнародная дэлегацыя каталіцкіх біскупаў адправіцца ў падарожжа салідарнасці з хрысціянамі Святой Зямлі. Іерархі сустрэнуцца з вызнаўцамі Хрыста ў Бэтлееме і іншых гарадах на палестынскіх тэрыторыях, а таксама з сірыйскімі і іракскімі бежанцамі ў Іарданіі.

У падарожжы, якое працягнецца з 7 па 14 студзеня 2016 г., прымуць удзел прадстаўнікі біскупскіх канферэнцый з 17 краін Еўропы, Паўночнай Амерыкі і Паўднёвай Афрыкі.

Іерархі прабудуць с двухдзённым візітам у сектары Газа, дзе сустрэнуцца з невялікай мясцовай хрысціянскай супольнасцю, адправяць св. Імшу ў парафіі Святой Сям’і, наведаюць каталіцкую школу і пазнаёмяцца з многімі іншымі праектамі, якія дапамагаюць мясцовым жыхарам аднавіць “нармальнае” жыццё пасля канфлікту 2014 г. У Бэтлееме біскупы спаткаюцца з супольнасцю Бейт-Джала, якую закранулі матэрыяльныя і сацыяльныя наступствы будаўніцтва сцяны паміж Ізраілем і Палестынай. Іарданія стане апошнім этапам падарожжа.

Візіту будуць сапутнічаць тры справы: малітва, пілігрымка, уздзеянне. Малітва з’яўляецца кантэкстам, у якім сустрэча праходзіць штогод. Адбываецца штодзённая Эўхарыстыя, часта ў розных абрадах мясцовых каталіцкіх супольнасцяў. Пілігрымка – гэта, перш за ўсё, наведанне каталіцкіх асяродкаў і мясцовых хрысціян. Гэта таксама стымуляванне вернікаў з краін паходжання біскупаў да пілігрымавання ў Святую Зямлю. “Уздзеянне” тычыцца часу пасля штогадовай сустрэчы, калі іерархі вяртаюцца дамоў і звяртаюць увагу мясцовых палітычных уладаў, парламентарыяў, ізраільскіх і палестынскіх паслоў, сродкаў масавай інфармацыі на шырокае кола пытанняў, якія закранаюць жыццё хрысціян Святой Зямлі. Гаворка ідзе пра іх годнасць і справядлівыя адносіны да іх.

Падарожжа “Міжнародная сустрэча біскупаў за салідарнасць з хрысціянамі Святой Зямлі” адбудзецца сёлета ўжо ў 16-ы раз.








All the contents on this site are copyrighted ©.