2016-01-04 14:24:00

Пантыфік будзе абвяшчаць свае малітоўныя інтэнцыі асабіста


Пачынаючы са студзеня 2016 г. папа Францішак будзе давяраць свае традыцыйныя штомесячныя малітоўныя інтэнцыі з дапамогай адмысловага відэапаслання. Першы відэазварот Святога Айца будзе распаўсюджаны 6 студзеня, паведаміў кіраўнік таварыства “Апостальства малітвы” айцец-езуіт Фрэдэрык Фарнос.

Святар распавёў, што малітоўныя інтэнцыі Пантыфіка тычацца актуальных выклікаў, якія стаяць перад чалавецтвам. Відэапасланні, у сваю чаргу, дапамогуць лепш пазнаёміцца з імі і мабілізаваць вернікаў да малітвы ў інтэнцыі іх вырашэння. 

Айцец Фрэдэрык Фарнос адзначыў, што Папа будзе абвяшчаць малітоўныя інтэнцыі на сваёй роднай іспанскай мове, а перакладацца яго словы будуць на дзесяць іншых моваў, з дапамогай субтытраў. Штомесячныя відэапасланні будуць запісвацца ў высокай якасці, з “вялікая таленавітасцю і крэатыўнасцю”. Яны будуць распаўсюджвацца праз сацыяльныя сеткі: “Facebook”, “Twitter”, “Instagram”, “Youtube”. “Гэта будуць відэа, у якіх сам Папа будзе прамаўляць і дапамагаць нам маліцца з ім у інтэнцыі гэтых выклікаў чалавецтва”, - дадаў святар у інтэрв’ю Ватыканскаму радыё. 








All the contents on this site are copyrighted ©.