2016-01-04 12:53:00

За мінулы год былі забіты 22 прадстаўнікі Касцёла


На працягу 2015 г. у свеце былі забіты 22 прадстаўнікі Касцёла, сярод якіх святары, законніцы і свецкія вернікі. Такія дадзеныя вынікаюць са штогадовага дакладу інфармацыйнага агенцтва “Fides”.

Ужо сёмы год падрад самым небяспечным кантынентам для прадстаўнікоў Касцёла з’яўляецца Паўднёвая Амерыка. З 2000 г. па 2015 г. тут былі забіты 396 душпастыраў, сярод якіх 5 біскупаў. 

За мінулы год ад рук злачынцаў у свеце загінулі 13 святароў, 4 законніцы і 5 свецкіх вернікаў. На амерыканскім кантыненце былі забіты 7 святароў і 1 законніца; у Азіі – 1 святар, 2 законніцы і 4 свецкія вернікі; у Еўропе – 2 святары.

Паводле інфармацыі агенцтва “Fides” большасць забойстваў была здзейснена ў выніку нападаў з мэтай абкрадання, часта з асаблівай лютасцю, у кантэкстах маральнага заняпаду, культурнай і эканамічнай беднасці, насілля, як нормы паводзінаў, адсутнасці павагі да жыцця. “Ва ўсіх гэтых сітуацыях, падобных на ўсіх кантынентах, забітыя святары, законніцы і свецкія, давалі сваё сведчанне ў штодзённасці: удзяляючы сакрамэнты, дапамагаючы бедным і патрабуючым, клапоцячыся пра сіротаў і нарказалежных, рэалізуючы праекты па развіцці або проста трымаючы адкрытымі дзверы сваіх дамоў. Некаторыя былі забіты нават тымі асобамі, якім дапамагалі”, - гаворыцца ў дакладзе.

Адзначаецца таксама, што “да папярэдняга спісу, які штогадова выдаецца агенцтвам “Fides” заўсёды павінен дадавацца доўгі спіс шматлікіх асобаў, аб якіх магчыма ніколі не будзе навін і якіх нават не будзе вядома імёнаў, але якія ў кожным кутку планеты пакутуюць і плацяць жыццём за сваю веру ў Езуса Хрыста”.








All the contents on this site are copyrighted ©.