2016-01-02 11:30:00

Папа адчыніў Святыя Дзверы ў Санта-Марыя-Маджорэ


Хто не здольны прабачаць, яшчэ не спазнаў паўнаты любові, адзначыў папа Францішак 1 студзеня 2015 г. падчас Эўхарыстыі ў рымскай базыліцы Санта-Марыя-Маджорэ. На пачатку літургіі Пантыфік урачыста адкрыў тут Святыя Дзверы Юбілею Міласэрнасці.

Паводле Францішка, Маці Божая з’яўляецца іконай таго, як Касцёл павінен выліваць прабачэнне на тых, хто аб ім просіць. Узгадваючы словы старажытнага гімну, ён падкрэсліў, што Панна Марыя з’яўляецца Маці Міласэрнасці і прабачэння. Яна сама была здольнай прабачыць забойцаў свайго нявіннага Сына, нагадаў Папа.

“Прабачэнне, дадзенае на Галгофе, не ведае межаў. Яго не можа спыніць ні закон са сваімі нюансамі, ні мудрасць гэтага свету, з яе адрозненнямі. Прабачэнне Касцёла павінна быць такім шырокім, як прабачэнне Езуса на крыжы, і Марыі, каля яго падножжа. Альтэрнатывы не існуе”, - адзначыў Пантыфік.

Папа назваў Святыя Дзверы базылікі Санта-Марыя-Маджорэ сапраўднай Брамай Міласэрнасці. “Кожны, хто праходзіць праз іх парог пакліканы пагрузіцца ў міласэрную любоў Айца, з поўным даверам і без ніякага страху. І можа выйсці з гэтай базылікі з уцэўненасцю, што яму будзе спадарожнічаць Марыя”, - патлумачыў Святы Айцец. Маці Міласэрнасці з’яўляецца ёй, таму што насіла ў сваім ўлонні само Аблічча Божай міласэрнасці, Езуса, дадаў ён. 

Францішак нагадаў, што моц прабачэння з’яўляецца сапраўдным супрацьядзем ад смутку, выкліканага злапамятнасцю і жаданнем помсты, бо напаўняе сэрца радасцю і спакоем.








All the contents on this site are copyrighted ©.