2016-01-02 12:20:00

Епіскапат ЗША дапаможа Касцёлу ва Усходняй Еўропе


Канферэнцыя Біскупаў ЗША вылучыла каля 2,5 млн. долараў на дапамогу Касцёлу ў краінах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. У агульнай складанасці былі зацверджаны 99 грантаў. Сёлета фінансавыя сродкі галоўным чынам будуць прызначаны на працу з моладдзю, евангелізацыйныя ініцыятывы і ўмацаванне душпастырства сем’яў.

У амерыканскім епіскапаце існуе спецыяльны падкамітэт, які займаецца аказаннем дапамогі Касцёлу ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе. Ужо на працягу многіх гадоў ён вядзе праекты ў 28 краінах. Гаворка ідзе пра падтрымку семінарый, душпастырства моладзі, праграм сацыяльнага характару, душпастырскіх цэнтраў, будаўніцтва і рамонт храмаў, дапамогу каталіцкім СМІ.

“Пасля падзення Савецкага Саюза, краіны, якія ўваходзілі ў яго склад, змагаліся, каб стварыць прастору для малітвы і духоўнага росту”, - нагадаў арцыбіскуп Чыкага Блэйз Джозэф К’юпіч, старшыня Падкамітэта. “Забеспячэнне ўсіх душпастырскіх патрэб тых, хто працуе ў гэтым рэгіёне з’яўляецца рэальным выклікам. Гэтыя гранты ад Падкамітэта дапамогуць іх задаволіць”, - дадаў іерарх.

Сродкі на дапамогу Касцёлу ў краінах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы збіраюцца ў ЗША падчас Вялікага Посту. У 2016 г. збор ахвяраванняў на гэту мэту пройдзе ў Папяльцовую сераду, 10 лютага, ва ўсіх дыяцэзіях краіны.








All the contents on this site are copyrighted ©.