2016-01-01 15:15:00

Святы Айцец: мір трэба берагчы і здабываць


Мір, які Бог Айцец хоча сеяць у свеце, варта берагчы, і, больш за тое, здабываць, лічыць папа Францішак. У першы дзень 2016 года ён падзяліўся з вернікамі, сабранымі на плошчы св. Пятра, сваімі разважаннямі перад малітвай “Анёл Панскі”. Пантыфік нагадаў пра Сусветны дзень міру, які адзначаецца 1 студзеня. Сёлета яго тэма: “Перамажы абыякавасць і здабудзь мір”. Святы Айцец падзякаваў за шматлікія малітоўныя і дабрачынныя ініцыятывы на карысць міру.

Францішак заклікаў сваіх слухачоў нанова адкрыць для сябе “аблічча Бога”. У той жа час, Папа перасцярог ад успрыняцця Божага слова, як нейкай чароўнай палачкі. Творца змяняе рэальнасць знутры, цярпліва і з любоўю. Таму далікатна просіць у чалавека дазволу, увайсці ў яго жыццё, і як дождж спускаецца на зямлю, каб прынесці свой плён.

Святы Айцец адзначыў, што той мір, які Бог жадае пасеяць на зямлі, патрабуе намаганняў таксама і з нашага боку. Гэта заўсёды звязана з духоўнай барацьбой, якая вядзецца на ўзроўні нашых сэрцаў. Ворагам міру не з’яўляецца выключна вайна, але і абыякавасць, якая, як правіла, палягае на канцэнтраванні ўвагі толькі на сабе, стварэнні бар’ераў, падазронасці, страху і ізаляцыі, папярэдзіў Францішак. Ён адзначыў, што часам мы так засыпаныя навінамі, што адрываемся ад рэальнасці, ад патрабуючых асоб, якія знаходзяцца побач.








All the contents on this site are copyrighted ©.