2016-01-01 13:40:00

Біскуп Пінскі лічыць 2015 год плённым для дыяцэзіі


Біскуп Антоні Дзям’янка падвёў вынікі 2015 году і назваў адной з цэнтральных падзей святкаванне 90-годдзя Пінскай дыяцэзіі, якое адбывалася 27-28 кастрычніка. Таксама у гэты ж час у Пінску адзначалі 90-годдзе заснавання мясцовай духоўнай семінарыі і 145-годдзе з дня нараджэння Слугі Божага Зыгмунта Лазінскага – першага пастыра Пінскай дыяцэзіі. 

У тыя святочныя дні ў катэдральным касцёле сабраліся біскупы з усёй Беларусі, святары не толькі з нашай краіны, але і з суседніх Польшчы, Расіі, Украіны, распавеў у інтэрв’ю Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё Біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка: “Як зазначыў Апостальскі нунцый, арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, 90-годдзе дыяцэзіі не азначае, што Каталікі Касцёл толькі столькі часу прысутны на Палессі, яго гісторыя нашмат даўжэйшая – больш за тысячу гадоў. Яшчэ да афіцыйнага хросту Літвы, у свой час прысутнічаў біскуп у Тураве”.

Важнай падзеяй таксама было асвячэнне касцёла св. Яна Паўла ІІ у новым мікрараёне Баранавіч. Храм быў збудаваны за 9 месяцаў і асвечаны напярэдадні дня апекуна дыяцэзіі – св. Андрэя Баболі. 27 кастрычніка была яшчэ адна знакавая падзея – асвячэнне касцёла св. Бэнэдыкта ў Пінску. Асвячэнне здзейсніў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч пры ўдзеле ўсяго епіскапату Беларусі, шматлікіх вернікаў, кансэкраваных асобаў і Апостальскага нунцыя. Адметна тое, што касцёл быў узведзены практычна за 5 месяцаў, хаця падрыхтоўка адпаведных будаўнічых дакументаў і рэгістрацыя парафіі заняла амаль два гады.

Што тычыцца душпастырства моладзі, то тут таксама ёсць што ўзгадаць: у 2015 годзе была адноўлена пілігрымка Брэст-Будслаў – самая доўгая па адлегласці і колькасці дзён шляху. Нагадаем, яна доўжылася 16 дзён, пілігрымы прайшлі 537 кіламетраў, і на канчатковым этапе ўвайшлі ў Будслаў 368 чалавек. 

“Важнай падзеяй быў і моладзевы фестываль у Баранавічах, які сабраў у лютым каля 1240 маладых людзей, якія спевам, музыкай праслаўлялі Бога. Цешыць і тое, што моладзь цікавіцца катэхетычным каледжам у Баранавічах. У мінулым годзе ён прыняў на першы курс 42 чалавекі – столькі дагэтуль яшчэ не было”, - паведаміў біскуп Дзям’янка.

Сярод іншых важных падзей іерарх адзначыў тое, што статус юрыдычнай асобы атрымалі ў мінулым годзе тры парафіі ў дыяцэзіі. Напрыклад, у Пінску была зарэгістравана парафія Святога Духа – трэцяя па ліку ў цэнтры дыяцэзіі. Таксама быў асвечаны вуглавы камень пад будову касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гомелі. Прычым, благаславіў камень у Ватыкане Святы Айцец Францішак. 

“Касцёлы запланавана збудаваць у новых мікрараёнах вялікіх гарадоў для таго, каб выйсці насустрач тым асобам, якія ў свой час пакінулі традыцыйныя месцы ў вясковых парафіях. Таму ў новых мікрараёнах ёсць патрэба ў арганізацыі месцаў культу. Рэгістрацыя парафій – гэта надзея, бо маючы статус юрыдычнай асобы, яны могуць далей дзейнічаць, каб прасіць у гарадскіх уладаў надзел зямлі і распачаць будоўлю святыняў”, - адзначыў іерарх.

Біскуп Пінскі з надзеяй глядзіць і ў новы, 2016 год, спадзеючыся, што Бог благаславіць сёлета далейшае развіццё тых спраў, якія ўдалося пачаць у дыяцэзіі ў адыйшоўшым годзе.

Павел Міцкевіч, Пінская дыяцэзія.








All the contents on this site are copyrighted ©.