2015-12-31 13:52:00

Біскуп Буткевіч падвёў вынікі года для Віцебскай дыяцэзіі


Біскуп Віцебскі Алег Буткевіч падвёў вынікі адыходзячага года для дыяцэзіі і Касцёла ў Беларусі. Адным з важных праектаў мінулага года, які яшчэ не завершаны, Яго Эксцэленцыя назваў інвентарызацыю і ўрэгуляванне маёмаснага статусу нерухомасці дыяцэзіі: сакральных будынкаў, парафіяльных і жылых памяшканняў. Ужо здзейснена інжынерная ацэнка стану храмаў, плябаній, манаскіх дамоў. Вынікі гэтай працы дазволяць ацаніць матэрыяльнае становішча мясцовага Касцёла, прывесці ў парадак юрыдычныя дакументы. 

Важным момантам адыходзячага года для католікаў і ўсіх жыхароў Віцебшчыны стала навіна пра тое, што Міністэрства культуры дало дазвол на аднаўленне касцёла св. Антонія, які калісьці ўпрыгожваў цэнтр Віцебска. 

“Для нас, як для вернікаў, гэта яшчэ і тая надзея, што будзе адбудаваны касцёл , прысвечаны аднаму з вялікіх святых, ушанаванне якога адбываецца ў кожнай парафіяльнай супольнасці, культ якога распаўсюджаны і ў нас ў Беларусі. Акрамя гэтага, адбудова стане ў пэўным сэнсе “кампенсацыяй” за той час атэізму, калі было знішчана шмат святыняў. Каб такім чынам мы маглі ўзнагародзіць Богу за тую знявагу веры, якая адбывалася за час пераследу яе ў тыя атэістычныя часы. Таму, спадзяёмся на Божую дапамогу і спадзяёмся, што гэты касцёл, гэтая святыня будзе адбудавана”, - сказаў іерарх. 

Знакавай падзеяй для Беларусі, якая закранула і Віцебскую дыяцэзію, стала завяршэнне місіі ў якасці Апостальскага нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Клаўдыё Гуджэроцці. Іерарх паспрыяў абнаўленню Касцёла і на Віцебшчыне. Менавіта падчас яго сужэння ў якасці прадстаўніка Папы быў прызначаны сённяшні Біскуп Віцебскі. 

Важнай падзеяй мінулага года стала святкаванне 15-годдзя віцебскага аддзялення дабрачыннай каталіцкай арганізацыя “Карытас”, якая распачала сваю дзейнасць разам з узнікненнем дыяцэзіі і сёння яе філіялы дзейнічаюць пры многіх парафіях Віцебшчыны. “Карытас” аказвае дапамогу малазабяспечаным, шматдзетным сем’ям, пенсіянерам, людзям з абмежаванымі магчымасцямі, матэрыяльна і арганізацыйна падтрымлівае тэрытарыяльныя цэнтры сацыяльнага абслугоўванні насельніцтва, дамы-інтэрнаты, дзіцячыы дамы. 

Асабліва шырокі рэзананс сёлета атрымалі сумесныя з Віцебскімі ВНУ міжнародныя канферэнцыі. Вялікую зацікаўленасць за мяжой выклікала медыцынская тэма духоўных аспектаў у транспланталогіі. Важнай часткай духоўнага жыцця Віцебскай дыяцэзіі на працягу года былі і застаюцца надалей пілігрымкі. 

“Адметнай рысай сёлета стала святкаванне 25-годдзя пілігрымкі з Браслава ў Будслаў, удзел у якой таксама давялося ўзяць і мне, як Біскупу Віцебскаму. Важным момантам у надыходзячым годзе стане і пілігрымаванне да ўстаноўленай у нашай дыяцэзіі Брамы Міласэрнасці, што адбылося ў рамках абвешчанага Святым Айцом Года Міласэрнасці. Гэта Брама знаходзіцца ў катэдральным касцёле ў Віцебску і санктуарыі Маці Божай Браслаўскай. Пілігрымаванне да гэтых месцаў будзе адбывацца праз увесь наступны год, адкрываючы для людзей магчымасць атрымаць адпуст, што ёсць выразам вялікай Божай любові да чалавека, адпуст, які павінен паспрыяць узросту духоўнага жыцця кожнага верніка”, - адзначыў біскуп Буткевіч.

Галоўная падзея апошніх дзён адыходзячага 2015 года – прамая трансляцыя Вігілійнай Святой Імшы з катэдральнага касцёла Езуса Міласэрнага ў эфіры двух абласных тэлеканалаў. Упершыню гэта стала магчымым дзякуючы супрацоўніцтву з Віцебскай абласной тэлерадыёкампаніяй. Вернікі ўсёй дыяцэзіі змаглі непасрэдна перажыць гэты ўрачысты момант са сваім біскупам. 

Наталія Байнаровіч, Віцебск.








All the contents on this site are copyrighted ©.