2015-12-27 14:11:00

Францішак прывітаў удзельнікаў сустрэчы “Taize”


Стаць “аазісам міласэрнасці”, асабліва для “шматлікіх мігрантаў, якія маюць патрэбу ў тым, каб быць прынятымі”, заклікаў папа Францішак у пасланні да ўдзельнікаў экуменічнай сустрэчы, арганізаванай супольнасцю з Тэзэ ў іспанскай Валенсіі. Моладзевы форум пройдзе з 28 снежня 2015 г. па 1 студзеня 2016 г. У ім прымуць удзел каля 30 тыс. юнакоў і дзяўчат з усёй Еўропы.

Папа высока ацаніў той факт, што сёлетняе спатканне моладзі будзе прысвечана тэме міласэрнасці. Ён заклікаў працягваць крочыць яе шляхам, які можа не толькі дапамагчы прыняць міласэрнасць у асабістае жыццё, але стаць блізкімі таксама да тых, хто знаходзіцца ў патрэбе. Там дзе прысутнічаюць хрысціяне, людзі павінны знаходзіць “аазіс Міласэрнасці”, гаворыцца ў пасланні падпісаным кардыналам Дзяржсакратаром Пьетра Паралінам.

Папа Францішак нагадаў, што брат Ражэ – заснавальнік супольнасці Тэзэ – любіў бедных і тых, хто ў вачах грамадства нічога не варты. Праз свой лад жыцця і жыцця ўласнай супольнасці, ён паказаў што малітва павінна суправаджацца чалавечай салідарнасцю. “Праз ваш досвед салідарнасці і міласэрнасці, вы можаце жыць тым патрабавальным шчасцем, вельмі багатым значэннем, да якога заклікае Евангелле”, - напісаў Папа.








All the contents on this site are copyrighted ©.